Станіслаў Шушкевіч: “ЭўрАзЭС — новы фрагмэнт Расейскай імпэрыі”

Радыё Свабода Адкрываючы саміт ЭўрАзЭС у Менску, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь заўсёды выступала за разьвіцьцё інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. Паводле яго, Эўразійская эканамічная супольнасьць даўно перавысіла ўзровень інтэграцыі на прасторы СНД.
Адзначым, што ў менскім саміце ня ўдзельнічаюць прэзыдэнты краінаў, якія ўваходзяць у Арганізацыю за дэмакратыю і эканамічнае разьвіцьцё — ГУАМ. Гэтая структура на прасторах СНД аб’ядноўвае Грузію, Украіну, Азэрбайджан і Малдову. Яна выступае за супрацоўніцтва з Эўразьвязам і ЗША.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету, адзін з заснавальнікаў СНД Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што сябры ЭўрАзЭС спрабуюць стварыць процівагу ГУАМ і гэтае аб’яднаньне грунтуецца вакол Расеі. Ці ўдасца Расеі ўтрымаць сваіх сатэлітаў?

(Шушкевіч: ) “Тут былыя старыя сатэліты. Расея ня ўтойвае цяпер, што яна хоча падпарадкаваць іх сабе, і гэта адбываецца і адбываецца тут у нас, на тэрыторыі Беларусі, дзе ўжо самае высокае вернападданства. Я думаю, у іх там ёсьць нейкія думкі, каб мець нейкія прывілеі ў межах гэтай структуры. Расея здольная на гэта пайсьці, таму што цяпер на яе сыплецца залаты дождж нафтадаляраў. І таму пойдуць у справу ўсе захады, каб трымаць гэтую кампанію пад Расеяй. Я думаю, што тут самы разумны Назарбаеў, ён выкруціцца. Ну, а такі, як наш, — нікуды ня дзенецца”.

Спадар Шушкевіч лічыць, што ў ЭўрАзЭС больш размоваў, чым справы, бо ў эканамічным сэнсе найлепшы шлях для краінаў — ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. А што ўяўляе ЭўрАзЭС у палітычным сэнсе?

(Шушкевіч: ) “Гэта абсалютна адназначна — гэта новы фрагмэнт Расейскай імпэрыі”.

Паводле спадара Шушкевіча, паказальна, што на чале ЭўрАзЭС дагэтуль быў Аляксандар Лукашэнка, якому забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу й ЗША.

(Шушкевіч: ) “Якое можа быць супрацоўніцтва ў Лукашэнкі з Эўразьвязам альбо з ЗША, калі ЗША лічаць яго падазроным у злачынствах? І гэты ўказ, падпісаны Бушам, гэта ж у сьвеце робіцца толькі з правадырамі плямёнаў, больш ні з кім. Ніколі нічога падобнага адносна кіраўніка эўрапейскай дзяржавы не было”.