У Менску рыхтуюцца да візыту прэзыдэнтаў

Ганна Соўсь, Менск Сёньня ўвечары ў Менск прылятаюць прэзыдэнты Ўзбэкістану, Казахстану і Таджыкістану. Кіраўнікі Расеі, Кыргызстану і Армэніі прыбудуць у сталіцу Беларусі заўтра для ўдзелу ў самітах Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) і Эўразійскай эканамічнай супольнасьці.
Для прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна гэта будзе другі афіцыйны візыт у Беларусь. Мяркуецца, што падчас яго будзе абмяркоўвацца пытаньне цаны на пастаўку прыроднага газу ў Беларусь (раней “Газпром” прапанаваў для Беларусі 200 даляраў за тысячу кубамэтраў з 2007 году).

Старшыня Дзярждумы Расеі Барыс Грызлоў, які сёньня раніцай прыляцеў у Менск, заявіў, што Беларусь і Расея павінны прыйсьці да ўзаемавыгаднага рашэньня ў гэтым пытаньні. Паводле яго, “Газпром” прапанаваў агульнапрынятую сыстэму цаны на газ, якая вызначаецца зыходзячы з усясьветных цэнаў на нафту.

Сёньня ж у Менску адбываецца шэраг паседжаньняў і сустрэчаў на высокім ўзроўні. У міністэрстве замежных справаў — паседжаньне Савету міністраў замежных справаў дзяржаваў-удзельніц Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Гэтаксама пройдзе паседжаньне Савету міністраў абароны дзяржаваў-сяброў АДКБ. Як перадае агенцтва “РИА Новости” міністар абароны Расеі й віцэ-прэм’ер Сяргей Іваноў прыляцеў на паседжаньне на расейскім самалёце А-50 — аналягу амэрыканскага самалёту “Авакс”, у якасьці афіцэра баявога кіраваньня.

Сёньня ж у Менску пройдуць паседжаньні Інтэграцыйнага камітэту ЭўрАзЭС і Групы высокага ўзроўню дзеля фармаваньня адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстану, Расеі і Ўкраіны.

З прычыны гэтых мерапрыемстваў на высокім узроўні ад учорашняга дня і да 24 чэрвеня ў Менску ўвялі абмежаваньні на рух транспарту па праспэктах Незалежнасьці, Пераможцаў, Машэрава, а таксама вуліцах Леніна, Захарава, Кісялёва й Старажоўскай.