Беларускія палітыкі – пра рашэньне ўладаў ЗША

Радыё Свабода Як ставяцца ў Беларусі да рашэньня ўладаў ЗША заблякаваць фінансавыя актывы і маёмасьць, якія належаць кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, а таксама шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў? Нагадаем: у загадзе, падпісаным у панядзелак прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам, сказана, што Аляксандар Лукашэнка і дзейны беларускі ўрад, перашкаджаючы працэсу дэмакратызацыі краіны, парушаючы правы чалавека, праводзячы палітычныя рэпрэсіі й злоўжываючы грамадзкай маёмасьцю, увасабляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы й замежнай палітыцы ЗША. Фінансавыя санкцыі, скіраваныя супраць Лукашэнкі й набліжаных да яго асобаў, уступілі ў дзеяньне адразу па падпісаньні дакумэнту.
Былы старшыня Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч заявіў, што ў краіне павінна быць празрыстасьць адносна маёмаснага стану дзяржаўных асобаў:

(Вайтовіч: ) “У такой краіне, як наша, дзе дыктатура пануе, гэта закрытая тэма. Хаця сам Лукашэнка час ад часу прагаворваецца, што ў яго такая кармушка бязьмежная ёсьць. Але ж што гэта за кармушка — далей мы нічога ня ведаем. Тое, што зроблена ў ЗША, гэта вельмі добра зроблена. Чаму ж нам, грамадзянам краіны, ня ведаць, якія актывы ці грошы, ці там ня ведаю што, ёсьць ва ўладаньні высокіх чыноўнікаў?”

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі кажа, што ў яго няма таго, што шукаюць амэрыканскія ўлады.

(Зімоўскі: ) “Няма судовага рашэньня пра тое, што я карумпаваны ці я там некага “зьнікаў”, ці я выбары фальшаваў. Няма такога судовага рашэньня нават на тэрыторыі ЗША. Калі гэта будзе прызнана судом, напэўна, нейкія санкцыі надыдуць. Пакуль гэта ўсяго толькі, будзем лічыць, мой унёсак у выбарчую кампанію Рэспубліканскай партыі”.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына кажа, што акрамя прыватызаванай кватэры і рахунку ў “Беларусбанку” ў яе нічога няма. Санкцыі з боку ЗША яна называе бязглузьдзіцай і маральнай мерай.

Паводле спадарыні Ярмошынай, рашэньне ўладаў ЗША не абапіраецца на заключэньне АБСЭ:

(Ярмошына: ) “Заключэньне АБСЭ не гаворыць ні слова пра тое, што вынікі выбараў зьяўляюцца несапраўднымі. Што да тых недахопаў, якія пералічвае АБСЭ, то яны зусім не закранаюць Цэнтральнай камісіі”.

А як ставяцца яе родныя і знаёмыя да таго, што імя спадарыні Ярмошынай трапляе ў падобныя сьпісы?

(Ярмошына: ) “Яны ўсё гэта лічаць пасьмешышчам. Усе мае родныя і знаёмыя ведаюць, што мала таго, што я бедная, дык яшчэ і крыштальна сумленная. Таму — што тут абмяркоўваць? Гэта ня больш як віртуальнае, штучнае рашэньне, палітычнае, надуманае, прыдуманае. Гэта ні больш, ні менш — антырэкляма адносна Беларусі і яе чыноўнікаў”.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава заявіла:

(Абрамава: ) “Беларускія чыноўнікі вельмі мала падобныя да дурняў, каб мець уклады ў заходніх банках. Я была б проста вельмі моцна зьдзіўленая, калі б такія знайшліся. Таму — гэта чысты блеф”.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька кажа пра наяўнасьць фінансавых патокаў беларускага ценявога бюджэту, якія не кантралююцца ні парлямэнтам, ні грамадзкасьцю, ні нейкімі адмысловымі органамі.

(Лябедзька: ) “Няма ў мяне ніякага сумневу, што такія рахункі ёсьць і празь іх праходзяць велізарныя сумы — ад продажу зброі, ад кантрабанды алькаголю…Але гэта, хутчэй за ўсё, на падстаўных асобаў, а сёньня тэхналёгіі такія, што можна карыстацца і рахункамі без асобы. Я думаю, калі будзе праведзенае расьсьледаваньне й калі рахункі будуць замарожаныя — гэта моцна ўдарыць па беларускім рэжыме. Ён проста згубіць фінансавыя патокі”.

У траўні Эўразьвяз увёў фінансавыя санкцыі адносна 36 беларускіх чыноўнікаў. Санкцыі прадугледжваюць арышт банкаўскіх рахункаў і нерухомасьці беларускіх чыноўнікаў — гэта датычыць і Аляксандра Лукашэнкі. Абмежавальныя санкцыі падтрымалі ЗША. Таксама да фінансавых санкцыяў далучыліся яшчэ дзесяць краінаў-сатэлітаў Эўразьвязу — Альбанія, Баўгарыя, Босьнія і Герцагавіна, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Македонія, Румынія, Нарвэгія, Сэрбія і Харватыя. Пакуль у гэтым сьпісе ня згадваецца Швайцарыя.

Гл. таксама: ЗША заблякавала фінансавыя актывы і маёмасьць Лукашэнкі