Чаму Беларусь не ўвайшла ў Раду правоў чалавека ААН?

Радыё Свабода У Раду правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, якая пачынае сваю працу ў Жэнэве, не ўваходзіць Беларусь. Чаму яе не абралі ў гэтую ўплывовую структуру?
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў гэтак адказаў на пытаньне:

(Папоў: ) “Туды абіралі толькі тых, хто выстаўляў сваю кандыдатуру. Мы сваёй кандыдатуры не выстаўлялі, вось і ўсё. Дарэчы, як і ЗША”.

Прычыну таго, што Беларусь не прэтэндавала на ўдзел у Радзе правоў чалавека, Андрэй Папоў патлумачыў гэтак: “Паглядзім, што з гэтага атрымаецца”. Прэсавы сакратар МЗС нагадаў пра афіцыйны камэнтар да нядаўняй рэзалюцыі ААН, у якой Беларусь крытыкавалі за шматлікія парушэньні правоў чалавека. Нагадаю, у гэтым камэнтары беларускі бок заявіў пра падвойныя стандарты, якія дэманструе ААН адносна сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і краінах Захаду.

А вось што мяркуе пра прычыны няўдзелу Беларусі ў Радзе правоў чалавека вядомы праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі:

(Маркушэўскі: ) “Беларусь не была б абраная у склад гэтай Рады, таму й не выстаўляла сваёй кандыдатуры. А казаць пра падвойныя стандарты можна хутчэй адносна Беларусі, а не ААН. Там усе рашэньні прымаюцца галасаваньнем, калі крытыка гучыць у бок краіны, то гэта аб’ектыўная крытыка”.

Нагадаем, ААН прызначыла адмысловага дакладчыка аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, Адрыяна Сэвэрына. На думку праваабаронцы Зьмітра Маркушэўскага, гэта ёсьць адным з паказчыкаў пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.