Зьявіўся пераклад справаздачы АБСЭ па выбарах у Беларусі

Радыё Свабода Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека пераклала на расейскую мову канчатковую справаздачу місіі АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка. Прадстаўнік БДІПЧ АБСЭ Урдур Гуннарсдотцір паведаміў Свабодзе, што беларускі пераклад будзе гатовы празь некалькі дзён і таксама будзе разьмешчаны на сайце арганізацыі.
Асноўная выснова справаздачы палягае ў тым, што беларускія ўлады не забясьпечылі роўных умоваў для паўнавартаснага саперніцтва кандыдатаў на прэзыдэнта, не выконваліся грамадзянскія і палітычныя правы, прадстаўнікі апазыцыі сыстэматычна цярпелі ад ціску, затрыманьняў і арыштаў.

“У адносінах да кандыдатаў з боку органаў улады вырашальная перавага аддавалася дзейнаму прэзыдэнту Лукашэнку, што ставіла пад сумнеў гатоўнасьць уладаў паважаць палітычную канкурэнцыю на аснове роўнасьці перад законам і дзяржаўнай уладай”.

Апрача таго, Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ апублікавала каля 50 канкрэтных рэкамэндацый беларускім уладам, як зрабіць выбарчы працэс празрыстым і сумленным.

Поўны тэкст справаздачы можна знайсьці па-расейску (у фармаце PDF) на адрасе:

http://www.osce.org/documents/odihr/2006/06/19393_ru.pdf