“Захапіўшы ў закладнікі 15 дзяцей, ён запатрабаваў прыбыцьця супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзыдэнта і праваахоўных органаў” (1996)

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі ў мінулыя гады беларускія газэты 19 чэрвеня
“Вечерний Минск”, 1976 год:

“Мінула крыху больш за год, як у Паўднёвай Якуціі, побач з найхаладнейшай шасьцідзясятай паралельлю, высадзіўся першы атрад беларускіх камсамольцаў — будаўнікоў БАМу… Моладзевы калектыў, які ўзначальвае Павал Глухатарэнка, уключыў у свой склад Героя Савецкага Саюзу, легендарнага менскага падпольшчыка Мікалая Кедышку… Гэтая брыгада заняла ў сацыялістычным спаборніцтве за 1975 год першае месца сярод брыгадаў цэнтральнага ўчастку БАМу, была адзначаная сьцягам ЦК ВЛКСМ”.

“ЛіМ”, 1986 годю. Васіль Вітка:

“Народ-паэт тварыў яе, сваю мову, па прыродзе, па законах, уласцівасцях і формах, якія ён сам адкрываў: “А ў яго на дварэ а стаіць сасна”, “У яго на дварэ а зялёны явар”. Ды гэтаму “а”, адной гэтай літары, аднаму гуку, для паэзіі, для песеннага поўнагалосся цаны няма! Купала гэта добра адчуваў: “Прыйдзе новы, а мудры гісторык”!”

“Народная Воля”, 1996 год:

“Такога працаўнікі й дзеткі менскага дзіцячага садка №511 і сасьніць не маглі: сярод белага дня на парозе апынуўся тэрарыст. Захапіўшы ў закладнікі 15 дзяцей, ён запатрабаваў прыбыцьця супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзыдэнта і праваахоўных органаў, рэдактара праграмы “Взгляд” Любімава, адваката і іншых. Тэма перамоваў — грамадзянская справа аб ягоным прымусовым лекаваньні. Апэрацыя абясшкоджваньня тэрарыста, у дыплямаце якога было 2 кіляграмы тратылу, працягвалася нядоўга. Тэрарыст, якім аказаўся непрацоўны і хворы Аляксандар Зюнькоў, падчас апэрацыі быў забіты”.