Актывісты "Маладога фронту" спынілі галадоўку, якая трывала 20 сутак

Альгерд Невяроўскі, Менск У зьвязку з пагаршэньнем стану здароўя некаторых галадоўнікаў акцыю пратэсту супраць крымінальнага перасьледу актывістаў "Маладога фронту", якая працягвалася з 29 траўня, вырашылі спыніць. Дадатковай прычынай спыненьня галадоўкі 10 чалавек стаў ціск уладаў на гаспадыню менскай кватэры, дзе галадавалі маладафронтаўцы. Адзін зь лідэраў "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч сказаў, што спыненьне галадоўкі не азначае адмовы ад іх патрабаваньняў да ўладаў.
Маладафронтаўцы, якія апошнімі трымалі галадоўку ў Менску, сёньня правялі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой патлумачылі прычыну спыненьня сваёй акцыі пратэсту. Гаворыць адзін зь лідэраў "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Учора ўвечары пагоршыўся стан здароўя некаторых удзельнікаў акцыі. Наста Азарка была шпіталізаваная. Учора мы і прынялі рашэньне спыніць нашую акцыю. На гэта паўплывала некалькі фактараў. Галоўны – гэта пагаршэньне стану здароўя ўдзельнікаў. А другі фактар – паўсталі праблемы з кватэраю, дзе мы знаходзіліся. Мы не маглі там знаходзіцца пазьней за панядзелак. Кватэра прадавалася і ня мела пэўнага юрыдычнага статусу. Гэбэшнікі ціснулі на гаспадыню і казалі, што яе канфіскуюць”.

У часе сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі галадоўнікі падвялі пэўнае падсумаваньне сваёй акцыі. Зьміцер Дашкевіч працягвае:

(Дашкевіч: ) “У нас не было ілюзіяў, што Лукашэнка сядзе з намі за стол перамоваў. Галоўнае, чаго мы дасягнулі – гэта найбуйнейшая моладзевая галадоўка, што працягвалася 20 дзён. Яна прыцягнула увагу грамадзтва – і гэта галоўны вынік”.

Са сканчэньнем галадаваньня маладафронтаўцы не зьбіраюцца спыняць акцыю пратэсту ў абарону сваіх сяброў. Яны гатовыя выставіць у судзе да тысячы сьведкаў, якія скажуць, што знаходзяцца ў незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт".

Наста Азарка зь Нясьвіжу галадавала 12 дзён. Вось што яна гаворыць пра свой стан здароўя і пра тое, як зьбіраецца выходзіць з галадоўкі:

(Азарка: ) “Апошнія два дні ў мяне быў пагоршаны стан. Але пасьля таго, як у шпіталі мне ўкалолі вітаміны, адчуваю сябе досыць нармалёва. Мне раілі пачаць з сокаў, потым кашы, і толькі пасьля паступова пераходзіць да ежы”.

Падобным чынам будуць выходзіць са стану галадоўкі і іншыя яе ўдзельнікі. Нагадаем, галадоўка працягвалася з 29 траўня ў 10 гарадах. У ёй бралі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек.

На здымку: Зьміцер Дашкевіч