У Кіеве прэзэнтаваная кампанія “За свабоду палітвязьняў у Беларусі!”

Паўло Зуб’юк, Кіеў У Кіеве адбылася прэсавая канфэрэнцыя, на якой была прэзэнтаваная сусьветная кампанія “За свабоду палітвязьняў у Беларусі!”. Прэсавая канфэрэнцыя адбылася ў агенцыі УНІАН. Зь беларускага боку ў ёй удзельнічалі кінарэжысэр Юры Хашчавацкі, лідэр прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі і Юлія Казуліна, дачка былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, які зараз знаходзіцца пад арыштам.
Галоўнай мэтай кампаніі “За свабоду палітвязьняў у Беларусі” удзельнікі канфэрэнцыі лічаць данясеньне да ўкраінскіх СМІ праўдзівае інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі, каб яны не заставаліся абыякавымі да парушэньня правоў чалавека ў суседняй краіне.

На канфэрэнцыі было неаднаразова падкрэсьлена, што вялікая частка замежнага грамадзтва дагэтуль знаходзіцца ў палоне мітаў пра беларускую рэчаіснасьць. Вось што кажа Юры Хашчавацкі:

(Хашчавацкі: ) "Разумееце, у чым справа: складана разьлічваць на эўрапейскую бюракратыю. Усе яны крыху палітыкі, крыху дыпляматы, крыху імкнуцца штосьці згладзіць. Ёсьць толькі адзін выхад: грамадзкае абурэньне, грамадзкі ціск, ціск незалежных сродкаў масавае інфармацыі. Тады мы, бадай, штосьці зможам зрабіць, прынамсі, зьберагчы сябе ад далейшых працэсаў такога кшталту".

Прадстаўнікі ўкраінскіх грамадзкіх арганізацыяў запэўнілі, што будуць працаваць для пашырэньня аб’ектыўнае інфармацыі пра парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Галіна Бочава, прадстаўніца Міжнароднае Амністыі, выказала падтрымку кампаніі ад імя сваёй арганізацыі:

(Бочава: ) "Міжнародная Амністыя далучаецца да ініцыятывы “Свабоду палітвязьням”, паколькі мы лічым беспадстаўныя перасьледы апазыцыі супрацьпраўным дзеяньнем у першую чаргу. Па-другое, мы заклікаем урад Беларусі вызваліць гэтых людзей, паколькі арыштамі людзей, якія проста выказвалі сваю думку, свае палітычныя перакананьні, вы парушаеце ня толькі свае міжнародныя забавязаньні, але і маральныя забавязаньні, як чалавечых істотаў".

Напрыканцы прэсавай канфэрэнцыі арганізатары кампаніі “За свабоду палітвязьняў у Беларусі!” паабяцалі інфармаваць украінскія СМІ пра ўсе выпадкі парушэньня правоў чалавека ў Беларусі і пра далейшы лёс палітзьняволеных.