У Менску разагнаная акцыя моладзі ля расейскай амбасады (фота)

Любоў Лунёва, Менск Разгон апазыцыйнай акцыі адбыўся некалькі хвілінаў таму ў Менску. Некалькі дзясяткаў чалавек пайшлі са сьвечкамі да расейскай амбасады, іх спынілі на рагу Багдановіча і Камуністычнай міліцыянты ў цывільным. Яны загадалі падвезьці аўтобус спэцназу і пачалі затрымліваць удзельнікаў акцыі. Затрымана каля чатырох дзясяткаў чалавек. Празь некалькі гадзінаў прэвэнтыўна затрыманых удзельнікаў акцыі каля расейскай амбасады, перапісаўшы пашпартныя зьвесткі, адпусьцілі на волю. На месцы падзеяў была наша карэспандэнтка.
(Карэспандэнтка: ) "Некалькіх юнакоў цягнулі за ногі па асфальце за рукі, за ногі. Пяцёра дзяўчат затрыманыя, яны знаходзяцца ў аўтобусе. Паводле міліцыянтаў, іх адвязуць у дзяжурную частку для высьвятленьня асобы.

Міліцыянты, апранутыя у цывільнае – джынсы, кашулі, – не прадстаўляліся падчас затрыманьня, толькі на просьбу журналістаў паказвалі свае пасьведчаньні.

Цяпер натоўп стаіць каля будынку суду, людзі спрабуюць падыйсьці да амбасады. У іх у руках – сьвечкі, шмат значкоў "За свабоду". Аднак падыйсьці да будынку немагчыма, паўсюль стаяць міліцэйскія пасты. Частка ўдзельнікаў акцыі адышла да амэрыканскай амбасады, частка – да вуліцы Старажоўскай.

Міліцыянты ў кардоне прапускаюць людзей зь півам, якія ідуць з бараў і г.д., а моладзь са значкамі і заплечнікамі, якую міліцыянты ўжо ведаюць у твар, затрымліваюць і кідаюць у аўтобусы. Я тут бачыла некалькі жанчын сталага ўзросту з КХП БНФ, нікога з грамадзкіх дзеячоў ня бачу. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што большасьць людзей спынілі на рагу вул. Камуністычнай, а калі яны ўбачылі, што тут такі брутальны разгон, яны спыніліся і далей не пайшлі".