Рэакцыі канфэсіяў і грамадзтва на сыход кардынала Сьвёнтка з пасады

Альгерд Невяроўскі, Менск Прадстаўнікі каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі называюць сыход на пэнсію кардынала Казімера Сьвёнтака натуральным крокам, які адпавядае Кананічнаму кодэксу. Некаторыя сьвецкія вернікі лічаць, што прыход да кіраўніцтва Канфэрэнцыі біскупаў і Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі новых герархаў дынамізуе жыцьцё Касьцёлу. Праваслаўная Царква чакае, што з гэтымі зьменамі спыніцца празэлітычная актыўнасьць і наладзіцца супрацоўніцтва ў сацыяльнай і гуманітарнай сфэрах.
Пробашч менскай каталіцкай парафіі сьвятога Яна Хрысьціцеля ксёндз Ігар Лашук сказаў нашаму радыё, што кардынал Казімер Сьвёнтак сам папрасіў папу Бэнэдыкта XVI вызваліць яго з пасады Менска-Магілёўскага мэтрапаліта.

(кс.Лашук: ) “Сьвяты айцец падтрымаў гэтую просьбу і прызначыў былога дапаможнага біскупа Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янку апостальскім адміністратарам — значыць, выканаўцам абавязкаў дыяцэзіяльнага біскупа. Гэтае месца яшчэ не занятае. А ксёндз кардынал Казімер Сьвёнтак, маючы амаль 92 гады, быў найстарэйшым у сьвеце біскупам, які выконваў абавязкі”.

У Дзяржкамітэце ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў сыход на пэнсію кардынала Сьвёнтка і прызначэньне адміністратарам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Дзям’янкі й старшынём Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў гарадзенскага герарха Аляксандра Кашкевіча лічаць унутранай справай Касьцёлу. Гаворыць прадстаўнік камітэту Аляксандар Калінаў:

(Калінаў: ) “Дзяржава ня ўмешваецца ў гэтыя справы. Гэта выключна ўнутраныя пытаньні рымска-каталіцкага Касьцёлу. У нас Касьцёл адчувае сябе камфортна. І кіраўніцтва краіны надае ўвагу дзейнасьці Касьцёлу. Зь іншага боку, вядзецца дыялёг. Кардынал Сьвёнтак паважаны і ў дзяржаве, і сярод вернікаў чалавек. Гэта вельмі дасьведчаны чалавек. Але ўзрост ёсьць узрост. Гэта ягонае права”.

У Беларускім экзархаце спадзяюцца, што зьмены ў герархіі Касьцёлу прынясуць станоўчыя для праваслаўных вынікі. Гаворыць архімандрыт Аляксей Шынкевіч:

(а.Шынкевіч: ) “Кардынал Сьвёнтак адыходзіць на заслужаны пакой, і гэта вельмі добра. Бо ён прайшоў вельмі цяжкі сьвятарскі шлях. А мы чакаем ад новага кіраўніка рымска-каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі больш цесных дачыненьняў з праваслаўнай Царквой. І перш за ўсё вырашэньне такіх праблемаў, як празэлітызм. І мы хочам самых цесных дачыненьняў у сацыяльных справах”.

А вось як пракамэнтаваў зьмены ў Касьцёле ў Беларусі былы старшыня Беларускай каталіцкай грамады, мастак Фелікс Янушкевіч:

(Янушкевіч: ) “Новы чалавек павінен зрабіць нешта новае. А вось што новае можна зрабіць у каталіцкім сьвеце — гэта ўжо задача біскупа Дзям’янкі. Відаць, у Ватыкане нейкія сур’ёзныя зрухі ў справе сытуацыі ў Беларусі. Яна была стабільная гадоў пятнаццаць. Але часам гэтая стабільнасьць становіцца кансэрватыўнай. Думаю, што прыход новых герархаў павінен прыўнесьці дынаміку ў жыцьцё каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі”.