У Польшчы пачалося сьледзтва ў справе замаху на папу ў 1981 г.

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы пачалося афіцыйнае сьледзтва ў справе замаху на папу Яна Паўла Другога, які адбыўся 25 гадоў таму. Сьледчыя падазраюць, што замах мог быць вынікам змовы спэцслужбаў шэрагу камуністычных краінаў. Дагэтуль невядома, хто канкрэтна за ім стаіць.
У траўні 1981 году ў папу-паляка на плошчы сьвятога Пятра ў Рыме страляў грамадзянін Турэччыны Мэхмэт Алі Агца, аднак мала хто верыць, што зрабіў ён гэта па ўласнай ініцыятыве.

Кіраўнічка сьледчага аддзелу Інстытуту нацыянальнай памяці ў Катавіцах Эва Кой паведаміла, што неабходна высьветліць, які ўдзел у падрыхтоўцы замаху ўзялі спэцслужбы розных краінаў камуністычнага блёку.

(Кой: ) “Наша мэта – сабраць матэрыялы, якія пацьвердзілі б тэзу аб тым, што замах на Яна Паўла Другога быў справай сумесных высілкаў некалькіх камуністычных спэцслужбаў. Падставай для пачатку сьледзтва было знаёмства з матэрыяламі выведкі сацыялістычнай Нямеччыны “Штазі”, якія мы атрымалі летась”.

У траўні адзін з кіраўнікоў Інстытуту нацыянальнай памяці прафэсар Вітальд Кулеша паінфармаваў, што ў архівах "Штазі" знойдзены ліст ад баўгарскай выведкі, якая просіць “нямецкіх таварышаў” распачаць прапагандысцкую акцыю супраць зьвестак аб тым, што Баўгарыя мае дачыненьне да замаху на пантыфіка. Ад самога пачатку лічыцца, што абедзьве службы падпарадкоўваліся КГБ СССР – давесьці гэта, аднак, пакуль не атрымалася.

Адметна, што ў архівах польскіх спэцслужбаў няма дакумэнтаў, якія б непасрэдна пацьвердзілі ўдзел палякаў у падрыхтоўцы замаху, але, паводле сьледчых, ёсьць “сьляды і доказы”, якія сьведчаць ад тым, што служба бясьпекі Польшчы магла заахвочваць непасрэдных выканаўцаў і дапамагаць ім. Напрыклад, пацьверджана, што польскія спэцслужбы рэгулярна перадавалі “апэратыўныя матэрыялы” ў справе Яна Паўла Другога ў Маскву.

13 траўня 1981 году на пляцы Сьвятога Пятра ў Рыме турэцкі замахоўца цяжка параніў папу – пантыфік, аднак, выжыў. Алі Агца атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне, але ў 2000-м годзе быў памілаваны італьянскім прэзыдэнтам.