У ЗША адзначаецца дзень сьцяга

Радыё Свабода Сёньня адзначаецца Дзень сьцяга ЗША. У гэты дзень у 1777 годзе Кантынэнтальны кангрэс зацьвердзіў узор зорна-паласатага сьцяга (па-ангельску Stars and Stripes), тады зорак і палос было па 13 – згодна з колькасьцю штатаў.
Першы сьцяг сшыла швачка Элізабэт Рос. Яе дом у Філядэльфіі цяпер зьяўляецца музэем.

Цяперашні варыянт амэрыканскага сьцягу мае 50 зорак. Ён ужываецца з 1960 году, калі Гаваі сталі 50-м штатам ЗША.

Сьвята дзяржаўнага сьцяга ў ЗША адзначаецца з 1949 году, у дзяржаўных установах і школах у гэты дзень звычайна ўздымаюць сьцягі, шараговыя грамадзяне вывешваюць сьцягі з вокнаў.

У 1969 годзе амэрыканскі сьцяг астранаўты вывесілі на Месяцы.