М.Разумаву стала дрэнна ў залі суду, але суд ня спынены

Радыё Свабода, Віцебская вобласьць У Аршанскім гарадзкім судзе разглядалася крымінальная справа, узбуджаная мясцовай пракуратурай. Паводле матэрыялаў, прадстаўленых суду, Мікалай Разумаў, колішні апазыцыйны лідэр, які на пачатку 1990-х выводзіў аршанскіх рабочых на рэйкі, патрабуючы рэформаў у дзяржаве, нібыта публічна ўзводзіў паклёп на прэзыдэнта. На сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам, якая праходзіла ў Воршы 24-га лютага, ён выказаў меркаваньне, што Аляксандар Лукашэнка мае дачыненьне да забойства Юр’я Захаранкі і Віктара Ганчара.
14-га сакавіка на ініцыятыву пракуратуры спадара Разумава затрымалі: напачатку яго зьмясьцілі ў аршанскі ізалятар часовага ўтрыманьня, потым пад канвоем даставілі ў Віцебск, а неўзабаве скіравалі на экспэртызу ў менскую клініку “Навінкі”, якая мусіла ацаніць псыхічны стан затрыманага.

Адмыслоўцы-псыхіятры ўстанавілі, што Мікалай Разумаў дзейнічаў у сьвядомым стане і зрабіў заяву пра дачыненьне Лукашэнкі да забойства Захаранкі і Ганчара цалкам сьвядома.

Тым ня менш у часе сёньняшняга суду спадар Разумаў заявіў, што ня памятае ані сустрэчы з Мілінкевічам, ані ўвогуле падзеяў 24-га лютага, бо напярэдадні на яго напаў невядомы чалавек, які пырснуў яму ў твар нейкім атрутным рэчывам.

Сьведкі з боку абвінавачаньня, загадчык ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Леанід Фурс і былая старшыня гарадзкой выбарчай камісіі Валянціна Федарэнка, якія таксама прысутнічалі на сустрэчы зь Мілінкевічам, выказалі свае сумнёвы ў псыхічнай адэкватнасьці Мікалая Разумава.

Сам падсудны, які за апошнія гады перанёс некалькі складаных хірургічных апэрацый на страўніку й на лёгкіх, адчуўшы сябе блага, папрасіў выклікаць "хуткую дапамогу".

Пасьля візыту мэдыкаў "хуткай дапамогі" судзьдзя Тацяна Рыбакова абвясьціла, што перапынку ў судзе ня зробіць, і працэс быў працягнуты.

Яшчэ на самым пачатку пасяджэньня Мікалай Разумаў быў заявіў пра тое, што не давярае судзьдзю і прадстаўніку пракуратуры разгляд свае справы. Пра гэта Радыё Свабода распавёў былы кіраўнік рэгіянальнага штабу Мілінкевіча і арганізатар перадвыбарчае сустрэчы Васіль Леўчанкаў, таксама выкліканы ў суд у якасьці сьведкі.

(Леўчанкаў: ) “Мікалай даў суду адвод на той падставе, што яго вінавацяць нібыта за тое, што ён гаварыў пра датычнасьць Лукашэнкі да забойства генпракурора Ігнатовіча, да зьнікненьня палітыкаў – Ганчара і гэтак далей, між тым як судзьдзяў прызначае менавіта прэзыдэнт. І прадстаўніку пракуратуры ён заявіў адвод – за тое, што ён таксама ёсьць прадстаўніком зацікаўленага боку”.

Суд палічыў гэтае хадайніцтва беспадстаўным.

Сёньня ж у Аршанскм гарадзкім судзе меўся адбыцца яшчэ адзін працэс з удзелам Мікалая Разумава: аддзел адукацыі гарвыканкаму і адміністрацыя сярэдняй школы № 19 папрасілі пазбавіць яго і ягоную жонку Ірыну бацькоўскіх правоў, бо лічаць, што яны не спраўляюцца з выхаваньнем сваіх траіх дзяцей. Аднак гэты суд быў перанесены на пазьнейшы час, бо судзьдзі найперш вырашылі скончыць “палітычную справу” былога рабочага лідэра.