Актывіст каманды Мілінкевіча хоча давесьці, што не лаяўся на міліцыянтаў

Радыё Свабода, Берасьце Берасьцейскі абласны суд адмяніў пастанову суда Ленінскага раёну Берасьця, які пакараў за брыдкаслоўе кіраўніка гарадзкога штабу Мілінкевіча на прэзыдэнцкіх выбарах Зьмітра Шыманскага.
Суд над спадаром Шыманскім адбываўся яшчэ 5 траўня. Паколькі сам актывіст выбарчай кампаніі ня быў адпаведным чынам праінфармаваны, ён на гэтым судовым паседжаньні не прысутнічаў. Аднак судзьдзя Назаранка завочна пакарала Зьміцера Шыманскага штрафам памерам у адну базавую адзінку за нецэнзурную лаянку на тэрыторыі Ленінскага РАУС Берасьця. Адбывалася гэта нібыта 24 сакавіка ў той час, калі спадар Шыманскі выходзіў на волю пасьля 10 сутак адміністратыўнага арышту “за арганізацыю несанкцыянаванага сходу”.

У часе разгляду сваёй скаргі ў абласным судзе Зьміцер Шымпанскі даводзіў, што ў той дзень быў затрыманы паводле ілжывага рапарту міліцыянтаў, а пазьней некаторыя матэрыялы гэтай справы былі сфальшаваныя. У прыватнасьці, была падробленая позва ў суд на 5 траўня, якую нібыта атрымаў спадар Шыманскі.

У выніку старшыня Берасьцейскага абласнога суду Тамара Сучок адмяніла рашэньне суду першай інстанцыі і накіравала гэтую справу на паўторны разгляд. Зьміцер Шыманскі застаўся задаволены такім рашэньнем і лічыць, што будзе дамагацца свайго поўнага апраўданьня.