"Толькі вар'ят будзе ўкладаць у беларускае кіно».

Каб падтрымаць беларускае кіно, трэба ўвесці падатак на галівудзкае. Гэтак заявіў дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімер Замяталін, былы галоўны ідэоляг краіны. Ці можа ўвядзеньне падатку неяк паўплываць на разьвіцьцё беларускага кінэматографу? Віталь Цыганкоў гутарыць з кінакрытыкам Андрэям Расінскім
Цыганкоў: «Ці можа гэтая ідэя нейкім чынам дапамагчы разьвіцьцё беларускага кінэматографа? Здаецца, не настолькі шмат выпускаецца беларускіх фільмаў, каб яны не траплялі ў пракат з-за таго, што там зашмат галівудскіх? Колькі, дарэчы, цяпер робіцца беларускіх фільмаў?».

Расінскі:
“За гэты год зроблена толькі некалькі стужак. “Чаклун і Румба”, “Ворагі”, зараз будзе прэм’ера стужкі Дзяніса Скварцова. Ды й тое – гэтыя карціны ідуць пад шыльдай сумеснай расейска-беларускай вытворчасьці. У 2009 на “Беларусьфільме” плянуюць давесьці вытворчасьць да 12 стужак, алепакуль пра рэальнасьць гэтага гаварыць рана.

Калі ж казаць пра ідэю Замяталіна абкладаць падаткам галівудзкае кіно, каб гэта ішло на падтрымку беларускага кіно – дык у нашых умовах гэта ня вельмі і спрацуе. У нас увогуле вельмі маленькі рынак. За год сукупны аб’ём усяго кіназбору ад пракатаў усіх фільмаў (амэрыканскіх, расейскіх, іншых) не перавышае 8 мільёнаў даляраў. Сярэдняя вытворчасьць аднаго фільму – адзін мільён. Як не абкладай падаткамі, шмат не назьбіраеш. Можа, на адзін малабюджэтны фільм.

Трэба сур’ёзна рэфармаваць беларускую кінавытворчасьць. Арыентавацца ў значнай ступені на рынак (ня толькі беларускі, які недастатковы), на рынак замежны – эўрапейскі, амэрыканскі, расейскі, у тым ліку і сумесная вытворчасьць.

Далей, ну хто з нармальных прыватных інвэстараў сёньня будзе ўкладаць грошы ў беларускае кіно? Вар’ят толькі! У нашых эканамічных умовах, падатковай сыстэме гэта немагчымая рэч”.

Цыганкоў: “У такім выпадку ці ня можна прыпусьціць, што ідэя Замяталіна мае выключна прапагандысцкае значэньне -- абмежаваць даступнасьць галівудзкіх фільмаў у кінатэатрах, іх ўплыў на насельніцтва?”

Расінскі: “Я думаю, і гэта таксама. Але ідэя падатку вітае ў паветру, гэта тое, што здаецца самым простым. Ёсьць прыклады іншых краінаў, якія ўводзілі гэты падатак. Усе спасылаюцца на Францыю, сапраўды там падатак на галівудзкія карціны. Але там аб’ём рынку большы, там прыватны кінабізнэс існуе.

У нас гэтага няма, у нас выключна дзяржаўная вытворчасьць, і здымаюцца фільмы, які ніхто не жадае глядзець. Ну хто будзе глядзець гэтага няшчаснага “Чаклуна і Румбу”? – я не магу ўявіць! Я не магу ўявіць гледача гэтай стужкі!”