12-я суткі ў Менску і ў рэгіёнах галадаюць 24 чалавекі

Любоў Лунёва, Менск 24 чалавекі ў дзесяці гарадах Беларусі 12-я суткі трымаюць галадоўку. Удзельнікі акцыі пратэсту патрабуюць спыніць крымінальны перасьлед актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, адлічэньне апазыцыянэраў з вучобы, перасьлед вернікаў-хрысьціянаў. Яны таксама патрабуюць вызваліць усіх палітвязьняў. Галадоўнікаў падтрымалі сябры “Эўрапейскай кааліцыі”, кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, украінскія моладзевыя арганізацыі. Непаўналетнія ўдзельнікі акцыі спынілі галадоўку на просьбу кіраўніцтва “Маладога фронту”. У некаторых удзельнікаў галадоўкі сёньня пагоршылася здароўе.
Пасьля таго, як Зьмітру Хведаруку стала кепска, выкліканыя дактары хуткай дапамогі зрабілі яму некалькі ўколаў. Яны папярэдзілі хлопца: калі ня спыніць галадоўку, магчымыя вельмі сур’ёзныя наступствы для здароўя.

Калі Хведарук галадаў 12 сутак, то Зьміцер Дашкевіч — 8. Ён далучыўся да акцыі пратэсту, як толькі выйшаў з турмы на Акрэсьціна. Зьміцер зьяўляецца сустаршынём незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Разам са сваімі паплечнікамі ён пісаў звароты ў пракуратуру, Міністэрства адукацыі і ў Камітэт у справах рэлігіяў. Удзельнікі акцыі патрабуюць спыніць перасьлед моладзевых актывістаў, а таксама вернікаў-хрысьціянаў. На восьмы дзень галадоўкі здароўе Зьмітра пагоршылася. Разам зь ім знаходзіцца актывіст “Маладога фронту” Аляксей Шэін:

(Шэін: ) “Па ім, канечне, відаць, што на другі тыдзень галадоўкі і ўтой жа час актыўнай працы, чалавек стаміўся. Ён і выглядае стомленым, не зусім здаровым. Але ён заяўляе, што гатовы працягваць галадоўку далей. Сёньня ў Менск пад’едуць прадстаўнікі зь іншых рэгіёнаў — і тут, у Менску, будзе працягнутая галадоўка ўсімі разам. Гэта, безумоўна, псыхалягічна будзе нашмат лягчэй. Да іх змогуць прыйсьці сябры, таксама журналісты, а гэта людзі, якія выкажуць словы падтрымкі. Апроч таго, у любы момант можна выклікаць “хуткую”, а гэта таксама немалаважна”.

Палітыкі паважаюць учынак маладафронтаўцаў, але непакояцца за іхнае здароўе. Яны заклікалі ўлады распачаць дыялёг з галадоўнікамі. Старшыня ПКБ Сяргей Калякін лічыць, што ўлады праігнаруюць патрабаваньні ўдзельнікаў акцыі.

(Калякін: ) “Спачуваем гэтым маладым людзям, якія сёньня рызыкуюць сваім здароўем, На жаль, тыя, хто падбухторыў іх на гэта, улады, не прымаюць ніякіх захадаў, каб спыніць гэтую акцыю. Палітрада аб’яднаных дэмакратычных сілаў зрабіла захад: мы зьвярнуліся да ўсіх гэтых структураў, каб яны распачалі дыялёг з хлопцамі, каб вырашыць праблемы. Аднак, мы бачым, што не адбываецца ніякіх рухаў з таго боку. Таму мы сёньня зьвяртаемся да маладых людзей — трэба зьмяніць падыходы да барацьбы з уладай”.

Удзельнікі акцыі з рэгіёнаў сёньня прыяжджаюць у Менск. Яны будуць знаходзіцца ў адной кватэры разам з дванаццацю менчукамі, якія галадаюць ад 30 траўня.

***

Летась 15 актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” у Менску й Жодзіне трымалі галадоўку пратэсту супраць адлічэньня з вучобы апазыцыянэраў, якіх затрымалі ў часе разгону “Чарнобыльскага шляху”. Галадоўку трымалі 11 сутак. Урэшце адну дзяўчыну аднавілі на вучобе ў каледжы.