Арыштаваныя маёмасьць і бібліятэка Саюзу беларускіх пісьменьнікаў

Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў першай палове дня судовыя выканаўцы пачалі апісваць маёмасьць Саюзу беларускіх пісьменьнікаў у будынку на вуліцы Фрунзэ, 5. Як паведамляла Радыё Свабода, 2 сакавіка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта — цяпер кіраўніцтва Саюзу мусіць пакінуць Дом літаратара й сплаціць 55 мільёнаў рублёў за арэнду.
У мяне ў руках дакумэнт сёньняшняга дня — акт судовага выканаўцы гаспадарчага суду Менску. Юрыст Ірына Мінец паведамляе, што 8 чэрвеня 2006 году пачалося высяленьне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з памяшканьняў агульнай плошчай больш як 746 квадратных мэтраў. На 12 гадзінаў вызваленыя пакоі нумар 302, 304, 305.



Падзею камэнтуе кіраўнік справаў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Анатоль Івашчанка:

(Івашчанка: ) “Цяпер ідуць перамовы пра далейшы лёс бібліятэкі. І вось судовыя выканаўцы прапануюць разам з прадстаўнікамі галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня пачаць рух для вызваленьня памяшканьня бібліятэкі. Вынесьці кнігі, якія ня ўлічаныя ў каталёгу, а таксама сталы й шафы”.

(Мінец: ) “Дык я даю вам тыдзень”.

(Пятровіч: ) “А мы просім у два разы большы тэрмін”.

(Мінец: ) “Два тыдні? Не! Гэта ж не ад мяне залежыць...”

Спадарыня Мінец усё-такі пагадзілася толькі на тыдзень адтэрміноўкі. Паводле намесьніка старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыса Пятровіча, нават выканаўцы прысуду разумеюць, што тут могуць быць страчаныя ўнікальныя фонды:

(Пятровіч: ) “Бібліятэка каштоўная тым, што тут захоўваецца шмат кніг з аўтарскімі подпісамі — напрыклад, ад Васіля Быкава, Максіма Танка, Івана Шамякіна... Увогуле, кніг тут каля 50 тысяч. Гэтую каштоўнасьць нельга ацаніць у грашовым эквіваленце”.



Вынікі першага дня прымусовага высяленьня ўдакладняе намесьнік старшыні Беларускага саюзу пісьменьнікаў Эдуард Акулін:

(Акулін: ) “Складзены акт аб тым, што частку памяшканьняў Саюз пісьменьнікаў ужо перадаў. І частку бібліятэкі — чытальную залю. Яшчэ адзін вынік: арыштаваная ўся маёмасьць. Гэта зроблена нібыта для пагашэньня доўгу Адміністрацыі прэзыдэнта. І ў нас ёсьць тыдзень адтэрміноўкі на тое, каб уладкаваць справы перадачы бібліятэчнага фонду”.

Сёньня стала вядома, што Саюз пісьменьнікаў афіцыйна зьвяртаецца да кіраўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі. Як паведаміў Радыё Свабода старшыня Саюзу Алесь Пашкевіч, ранейшыя вусныя перамовы аб магчымай перадачы літаратурных фондаў плёну ня мелі. Са словаў пісьменьніка, у новым будынку бібліятэкі цяпер аўрал: яго рыхтуюць да агледзінаў найвышэйшага кіраўніцтва.