"Наша Ніва": "Няма нічога важней, чым падтрымаць галадоўнікаў"

Радыё Свабода Агляд недзяржаўнай беларускай прэсы 8 чэрвеня.
"Наша Ніва" друкуе артыкул "Свабода не бывае другаснай". Галадоўка маладафронтаўцаў ня можа пакінуць абыякавымі нармальных людзей, якіх бы палітычных поглядаў яны ні трымаліся, якую б веру ні вызнавалі. Няма на сёньня больш важнай задачы, чым падтрымаць галадоўнікаў, хаця б маральна. Усё астатняе ў параўнаньні з гэтым мусіць адысьці на другі ці нават трэці плян, лічыць журналіст Віталь Тарас.

"Наша Ніва" прапануе шмат сваім чытачам шмат падарожжаў. У Горадню, якую Андрэй Павач лічыць адзіным у Беларусі горадам, які зацята супраціўляецца спробам зрабіць зь яго вялікі аграгарадок, кшталту Менску ці Воршы. У Амсьціслаў, край сьвятыняў. Дзе, на думку Сяргея Харэўскага, калі дэмаграфічная сытуацыя ня зьменіцца рэзка, праз пару дзясяткаў гадоў будзе болей зайцоў, чым людзей. У Карпаты, пешшу праз Гавэрлу. І нават на радзіму Вальтэра Скота ў Шатляндыю.

"Вольнае Глыбокае" два цікавыя факты аб''яднала адным загалоўкам: "Калі баіцеся – бойцеся і надалей". У рэдакцыю зьвярнуліся рабочыя сельскагаспадарчага каапэратыву "Зарубіна", якім тры месяцы не плацяць заробкі. Але назваць свае прозьвішчы не адважыліся. Адораны хлопец зь вёскі хоча паступіць у Ягелёнскі ўнівэрсытэт, але трэба пацьверджаньне, што ў сям''і ёсьць польскія карані. Распавядае глыбоцкі журналіст Уладзімер Скрабатун.

(Скрабатун: ) "У пашпартным стале сказалі, што праблем няма, няхай толькі бацькі пацьвердзяць, што ў сям''і ёсьць палякі, і такі запіс зробім. Паехалі да маці ў вёску, а маці сказала: "Не, ні за што! Інакш мяне выганяць з работы". Пытаемся: "А кім вы працуеце?" Адказвае: "Сьвінаркай". Задаём ёй пытаньне: "Дык што, у нас сто сьвінарак на адно месца?" Уяўляеце, цётка працуе на фэрме сьвінаркай і баіцца, каб сыну запісалі ў пашпарт нацыянальнасьць паляк!"

"Брестский кур''ер". У 115-й зэнітнай ракетнай брыгадзе на баявое дзяжурства заступае дывізіён, які аснашчаны комплексам С-300."Расейская вайсковая тэхніка на заходніх рубяжах".

У Берасьці на 7 гадоў пазбаўленьня волі асуджаны былы выкладчык чыгуначнага тэхнікуму. За добрую адзнаку ён узяў хабар у 20 даляраў.

"Комсомольская правда" в Белоруссии" прыгадвае гісторыю 10-гадовай даўніны, калі псыхічна хворы Александр Зюлькоў з дыпляматам тратылу захапіў 18 дзетак у сталічным садку №511.

"Дачку Мулявіна Марыну звольнілі зь "Песьняроў". Таленавітай моладзьдзю ў ансамблі цяпер будзе займацца маці Ксеніі Сітнік, піша "Комсомольская правда" в Белоруссии".