Ірану перадалі пакет прапановаў аб спыненьні ядзернай праграмы

Радыё Свабода Прадстаўнік Ірану на перамовах аб ядзернай праграме Алі Ларыджані заявіў, што міжнародныя прапановы, скіраваныя на тое, каб схіліць Тэгеран спыніць праграму ўзбагачэньня ўрану, маюць пэўныя пазытыўныя пункты, але ёсьць і двухсэнсоўнасьці, ад якіх трэба адмовіцца.
Прапановы былі перададзеныя кіраўніком зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Хаўерам Салянай, іх выпрацавалі ўсе краіны сталыя сябры Рады Бясьпекі ААН і Нямеччына.

Нямецкі канцлер Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Жак Шырак заклікалі Тэгеран пазытыўна адказаць на гэты пакет прапановаў міжнароднай супольнасьці, закліканых вырашыць спрэчку аб ядзернай праграме Ірану.

Спадарыня Мэркель выказала перакананьне аб магчымасьці дыпляматычнага вырашэньня крызысу.

***

Тым часам іранскі журналіст Акбар Гянджы паабяцаў працягваць крытыку рэжыму ў Тэгеране нягледзячы на рызыку новага арышту. Ён заявіў таксама пра сваю рашучасьць працягваць барацьбу за дэмакратыю і правы чалавека. Гэтыя заявы ён агучыў у Маскве пасьля атрыманьня прэміі Сусьветнай асацыяцыі газэт "Залатое пяро". Іранскі журналіст быў вызвалены ў мінулым сакавіку пасьля 6 гадоў турмы.