У Беларусі могуць застацца толькі “правільныя” камуністы

Ігар Карней, Менск Вэтэраны камуністычнага руху стварылі ініцыятыўную групу дзеля скліканьня зьезду, які павінен аб’яднаць праўладную Камуністычную партыю Беларусі й апазыцыйную Партыю камуністаў беларускую. Мяркуецца, што базавай пасьля “зьліцьця” стане Камуністычная партыя Беларусі, якую ўзначальвае дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Тацяна Голубева.
Штуршком да пашырэньня ініцыятывы стала нядаўняе пасланьне Аляксандра Лукашэнкі да парлямэнту і народу, у якім беларускі лідэр наўпрост заявіў: намеру ствараць пад сябе “партыю ўлады” ён ня мае, аднак калі зьявіцца ініцыятыва зьнізу, пярэчыць ня будзе. Пры гэтым ускосна Лукашэнка выказаў шкадаваньне, што больш не існуе самага яскравага ўзору “партыі ўлады” — КПСС. “Нізы” адрэагавалі хутка: заручыўшыся падтрымкай экс-кіраўніка Саўміну БССР Міхаіла Кавалёва, былога старшыні Вярхоўнага Савету БССР Мікалая Дземянцея, двойчы Героя Сацыялістычнай працы Ўладзімера Бядулі ды іншых, сябры ініцыятыўнай групы нават прызначылі тэрмін будучага яднаньня разьяднаных камуністаў — 15 ліпеня.

Як і ў час росквіту сваёй партыйнай кар’еры, былы старшыня Савету міністраў БССР Аляксандар Аксёнаў застаецца на плятформе КПСС—КПБ і лічыць, што ў цяперашняй Беларусі для адраджэньня камуністычных каштоўнасьцяў найбольш спрыяльныя ўмовы.

(Аксёнаў: ) “У гэтым яднаньні вялізны жыцьцёвы сэнс і неабходныя для рэспублікі ўмовы далейшага актыўнага руху наперад. Таму, у зьвязку з гэтым, канечне, гэта жыцьцёвая неабходнасьць. І яе трэба рэалізаваць. Ці атрымаецца — пытаньне іншае. Перадусім, залежыць ад таго, як будзе настроеная другая частка, ПКБ. Наколькі я маю інфармацыю, там вельмі шмат людзей, якія лічаць памылковым стан і курс, які яны цяпер рэалізуюць. Таму я лічу так: паколькі гэта неабходнасьць жыцьцёвая, таму ў ёй і закладзены і жыцьцёвы сэнс, і рэальная магчымасьць для рэалізацыі гэтай задачы”.

Адрозна ад 82-гадовага камуніста больш чым з паўвекавым стажам, прадстаўнікі апазыцыйнай Партыі камуністаў Беларускай перакананыя: у дадзеным выпадку гаворка не пра яднаньне, а пра манапалізацыю ўладай “камуністычнага сэктару”. Як кажа прадстаўнік партыі Сяргей Вазьняк, у ПКБ і КПБ папросту няма агульных задачаў, і, такім чынам, улады наважаныя папросту ліквідаваць няўгодных камуністаў, апазыцыйных рэжыму. Дзеля параўнаньня спадар Вазьняк нагадвае: у той час, як лідэр ПКБ Сяргей Калякін адбываў 14-суткавае пакараньне за ўдзел у “Чарнобыльскім шляху”, першы сакратар КПБ Тацяна Голубева займалася законатворчасьцю ў Палаце прадстаўнікоў.

Адзін з самых вядомых колісь камуністаў, двойчы Герой Сацыялістычнай працы, старшыня калгасу “Расьсьвет” Васіль Старавойтаў у працэсе аб’яднаньня ідэалягічна супрацьлеглых камуністаў захоўвае нэўтралітэт. Але тлумачыць, чаму беларускаму кіраўніцтву запатрабавалася гэта аб’яднаньне.

(Старавойтаў: ) “Пранізваюць” Беларусь з усіх бакоў ідэі, якія не сумяшчальныя з тым, што цяпер ёсьць у рэспубліцы, так? І Ўкраіна, і Эстонія, і Літва, і Польшча. І Расея! Што б мы там ні казалі, а ў Расеі гэтаксама адбываюцца прагрэсіўныя пераўтварэньні! Можа быць я памыляюся, але ўсё гэта разам узятае стварае вельмі няўтульную атмасфэру для ўсяго беларускага кіраўніцтва”.