Віцэ-мэр Беластоку не паедзе ў Горадню

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Намесьнік мэра польскага Беластоку Кшыштаф Савіцкі паводле загаду мэра гэтага гораду не паедзе ў суседнюю Горадню, дзе ў гэтыя выходныя адбудзецца Фэстываль нацыянальных культур, арганізаваны беларускімі ўладамі.
Паводле прэсавага прадстаўніка мэра Беластоку Рышарда Тура Томаша Цьвікоўскага, калі браць пад увагу пазыцыю польскага ўраду што да сытуацыі ў Беларусі, дык “удзел намесьніка мэра ў гэтым мерапрыемстве быў бы адыходам ад польскай замежнай палітыкі”, таму спадар Савіцкі не паедзе ў Горадню.

Падобныя паездкі крытыкуе дарадца прэм''ер-мінсітра Польшчы ў справах палякаў за мяжой Міхал Дворчык, паводле якога беларускія ўлады выкарыстоўваюць іх у прапагандысцкіх мэтах:

(Дворчык: ) “Любы ўдзел прадстаўнікоў польскай адміністрацыі – цэнтральнай ці мясцовай – у імпрэзах, якія ладзіць рэжым Лукашэнкі, гэта вельмі дрэнна. І я ацэньваю гэта нэгатыўна. Справа ў тым, што такія крокі легітымізуюць рэжым, і лічу, што іх трэба ацэньваць крытычна”.

Не апошняе значэньне мае і тое, што польскую культуру ў Горадні будзе прадстаўляць Саюз палякаў з кіраўніцтвам, якога Польшча не прызнае, а законныя, паводле польскага боку, кіраўнікі гэтай арганізацыі на чале з Анжалікай Борыс уціскаюцца ўладамі і на фэст нават не запрошаныя.

Адметна, што летась мэра Беластоку Рышарда Тура, які ехаў у Горадню на афіцыйнае запрашэньне гарадзенскіх уладаў, беларускія памежнікі не пусьцілі ў Беларусь хутчэй за ўсё таму, што ён накіроўваўся ў суседнюю краіну разам з дэлегацыяй палякаў-дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту, якіх празь мяжу таксама не прапусьцілі.