Палітзьняволены Цімафей Дранчук ведае сына толькі па фотаздымках

Радыё Свабода Сёньня – Міжнародны дзень абароны дзіцяці. У шмат якіх краінах сьвету ў гэты дзень адбываюцца дабрачынныя акцыі на карысьць дзяцей-сіротаў, праваабарончыя арганізацыі ладзяць канфэрэнцыі, прысьвечаныя выкананьню правоў дзіцяці.
У лістападзе 1959 года Генэральная Асамблея ААН прыняла Дэклярацыю аб правах дзіцяці. Прынцып нумар 6 гэтай Дэклярацыі прадугледжвае, што дзіцёнак павінен, калі гэта магчыма, расьці пад апекай і пад адказнасьцю сваіх бацькоў.

Гэтага права пазбаўленыя дзеці зьняволеных, у тым ліку і палітычных зьняволеных. Ніколі ня бачыў свайго бацьку двухмесячны Платон Дранчук – сын актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Цімафея Дранчука, які ўжо чацьвёрты месяц утрымліваецца ў турме КДБ “Амэрыканка”.

Наш калега Сяргей Навумчык патэлефанаваў жонцы Цімафея Дранчука, Вользе Анцыповіч, якая за ўвесь час арышту мужа мела зь ім толькі адно спатканьне.

(Анцыповіч: ) "Мне далі спатканьне праз 9 дзён пасьля таго, як нарадзіўся наш сын Платон. У панядзелак мяне выпісалі з радзільнага дому, а ў пятніцу я была на спатканьні. Зразумела, што гэта быў ня лепшы час для спатканьня, таму што я сябе яшчэ ня вельмі добра адчувала, і ў прынцыпе адлучацца з дому на тры гадзіны, цягам якіх было дазволена спатканьне, тады было вельмі складана. На спатканьні я пабыла крыху больш за дзьве гадзіны, вельмі сьпяшалася дадому, бо хвалявалася, як там сын адзін".

(Навумчык: ) "Колькі цяпер дзіцёнку?"

(Анцыповіч: ) "У панядзелак, 5-га, будзе два месяцы".

(Навумчык: ) "Два месяцы ён так і не пабачыў бацьку?"

(Анцыповіч: ) "Бацьку ён не пабачыў, Цімафей яго ня бачыў. Адзінае, што мы можам – гэта перадаваць фотаздымкі сына, іх можна перадаваць з харчовай перадачай, таму што дасылаць іх па пошце не дазволена, таму што перадачы гэтыя дазволеныя кожныя два тыдні, то кожныя два тыдні мы перадаем два новых фотаздымкі. Так што Цімафей можа толькі на фотаздымках бачыць, як сын расьце.

(Навумчык: ) "Такім чынам, ваш 2-месячны сын Платон Дранчук – відаць, самы малады грамадзянін, чые фотаздымкі знаходзяцца з Менскім КДБ?"

(Анцыповіч: ) "Думаю, што так. Цімафей у лістах піша, што ў яго сукамэрніка таксама нарадзіўся сын, калі той знаходзіўся ўжо за кратамі... Ня ведаю, ці даюць фотаздымкі таго сына ў камэру, але там, можна сказаць, атрымаўся такі проста клюб бацькоў. І яны абмяркоўваюць, як я разумею па лістах, як дзеці растуць і ўсе такія пытаньні..."