Трэція суткі ў Салігорску працягваецца галадоўка "маладафронтаўцаў".

Радыё Свабода, Салігорск Сябры незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт" патрабуюць спыніць крымінальны ціск на сваіх сяброў . У галадоўцы бяруць удзел непаўналетнія "маладафронтаўцы" Іван ды Ільля Шылы і Хрысьціна Самойлава, а таксама Максім Сяменьчык і Сяржук Пацкевіч. 30 траўня да іх далучыўся актывіст Партыі БНФ Павал Батуеў.
Маладыя людзі разьмясьціліся ў прыватнай кватэры ў цэнтры гораду і вывесілі з балькону бел-чырвона-белыя сьцягі -- акурат насупраць галоўнага будынку вытворчага аб''яднаньня "Белкалій" і гарвыканкаму. Удзельнікі галадоўкі не ўжываюць нічога апроч вадкасьцяў і вітамінаў. Паводле братоў Шылаў, на іхных бацькоў робіцца цікс з боку адміністрацыі школы, дзе вучацца хлопцы. За кватэрай сочыць міліцыя, але на дадзены момант актыўных захадаў супраць галадоўнікаў не прымае. 30 траўня ўдзельнікі акцыі перадалі свае патрабаваньні ў салігорскую пракуратуру. "Наша галадоўка бестэрміновая. Мы патрабуем ня толькі спыненьня перасьледу нашых сяброў з "Маладога Фронту", але аднаўленьня нашага актывіста Максіма Сяменьчыка ў салігорскім ПТВ. Максім быў выключаны пасьля таго, як адсядзеў 10 сутак у жодзінскай турме за ўдзел ў сакавіцкіх падзеях на Плошчы" -- патлумачыў Ільля Шыла.