Мілінкевіч уганараваны прэміяй Усясьветнага форуму Кран-Мантана

Радыё Свабода Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч уганараваны прэміяй фундацыі Ўсясьветнага форуму Кран-Мантана. Гэтая прэмія прысуджаецца за вялікія заслугі ў справе барацьбы за мір, свабоду й дэмакратыю. Сярод яе ляўрэатаў былі Ангела Мэркель, Зоран Джынджыч, Юлія Цімашэнка й іншыя палітычныя й грамадзкія дзеячы.
Сёлетняя цырымонія ўручэньня прэміяў адбудзецца 22 чэрвеня ў Манака ў рамках 17-й гадавой сэсіі Форуму Кран-Мантана.

Пасьля вяртаньня з Францыі, дзе Аляксандар Мілінкевіч удзельнічаў у сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі НАТО й сустракаўся з прадстаўнікамі ўладаў Францыі й іншых краінаў, лідэр аб’яднанай апазыцыі плянуе працягнуць паездкі па рэгіёнах — найперш ён паедзе ў Берасьце й Горадню. Спадар Мілінкевіч зазначыў:

(Мілінкевіч: ) “Вуліца атрымалася, і пратэсты былі. Ня проста спантанна народ вырашыў. Гэта была велізарная праца дзясяткаў тысяч людзей па ўсёй краіне. Гэта праца доўжылася амаль два гады. Тыя паездкі па рэгіёнах, што мы рабілі, той распаўсюд інфармацыі зрабілі ў краіне пэўныя зьмены. Людзі паверылі ў мажлівасьць альтэрнатывы сёньняшняй уладзе. Я лічу, што гэтую працу трэба працягваць. І буду сам асабіста езьдзіць па рэгіёнах, сустракацца зь людзьмі. Трэба рабіць прэсінг уладзе. Трэба інфармаваць людзей. Трэба рабіць сацыяльныя акцыі. Мы ўсім гэтым будзем займацца. Гэта цяжкая, штодзённая праца. А вуліца таксама патрэбная, але яна будзе, калі яшчэ больш людзей будзе з намі”.