“Вясна-96” – 10 гадоў пасьля

Радыё Свабода Гэтымі днямі 10 гадоў таму ў Менску адбыліся масавыя акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, якія завяршалі “гарачую вясну” 1996 году. Гэта была моцная хваля пратэстаў — Дзень Волі, “Чарнобыльскі шлях” і 30 траўня. Тады яшчэ заставаліся ў зьняволеньні сябры ўкраінскага руху УНА УНСО, якія бралі ўдзел у “Чарнобыльскім шляху” і некаторыя актывісты апазыцыі. Галадоўнікі Юры Хадыка і Вячаслаў Сіўчык былі вызваленыя пад падпіску пра нявыезд. У сьледчым ізалятары КДБ знаходзіўся паэт Славамір Адамовіч за свой вядомы верш. З удзельнікамі травеньскіх пратэстаў 1996 году гутарыў наш карэспандэнт.
У менскай акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі бралі ўдзел каля 5 тысяч грамадзянаў. Многія былі жорстка зьбітыя й асуджаныя, затрымана каля 100 чалавек. Згадвае Мікола Капарыха:

(Капарыха: ) “Мітынг салідарнасьці з палітвязьнямі пачалі ад Янкі Купалы, сабраліся на рагу Кастрычніцкай плошчы. Нас тады паціснуў АМАП да Галоўпаштамту. А потым там сустрэлі, павярнулі й каля банку ўсіх пачалі малаціць”.

Удзельнік падзеяў Валянцін Стэфановіч апавядае:

(Стэфановіч: ) “З усіх акцыяў вясны 1996 году, 30 траўня была найбольш брутальная па сваім разгоне. Масавыя затрыманьні — прычым, без разбору ўсіх забіралі. Людзі ў цывільным запіхвалі людзей у ГУМ і там іх вінцілі. Моладзь зьбівалі без усялякіх падставаў, ставілі да сьцяны й зьбівалі. Алесь Сарнацкі быў моцна зьбіты, яму адбілі ныркі тады, і ён ляжаў у шпіталі”.

Міколу Капарыху затрымалі каля ГУМу:

(Капарыха: ) “Чаромхі” я атрымаў і ў рот, і ў вочы па поўнай праграме. Затым людзі ў цывільным складалі пратаколы на нас. У двары там двое “жыгулёў” стаялі, і яны абляпілі гэтыя “жыгулі” й пісалі пратаколы”.

У першы ж дзень суды разгледзелі каля шасьцідзесяці справаў. Схапілі нават глуханямога хлопца, які паводле пратаколу нецэнзурна лаяўся й выкрыкваў антыпрэзыдэнцкія лёзунгі. Мікола Капарыха атрымаў трое сутак, іншыя дзесяць-пятнаццаць.

(Капарыха: ) “Нас празь дзень кармілі. Але ўжо перадачу перадалі. І калі ў перадачы сала людзям загарнулі ў газэту “Свабода”, вось газэта, як шкло такая была, прасьвечвалася. Але настолькі мы яе чыталі ўсе зацікаўлена! І лепшай радасьці ў нас не было ў камэры, як атрымаць газэту”.

Гэтую травеньскую акцыю многія лічаць днём народзінаў “Маладога фронту”. Аляксей Чарняеў быў зьбіты й затрыманы, але яго выпусьцілі як непаўнагадовага.

(Чарняеў: ) “Найбольш балючым пытаньнем для беларусаў было пытаньне незалежнасьці. Схіленьне да інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі пачало выклікаць вельмі моцныя эмоцыі. І гэта пачало выплёсквацца ўвесну. Фактычна, Вясна-96 была выкліканая жаданьнем маладых беларусаў проста захаваць сваю дзяржаву. Пытаньні незалежнасьці, свабоды — гэта тыя рэчы, якія могуць прымусіць людзей выходзіць на вуліцы. Тыя падзеі, якія разгортваюцца цяпер, якія тычацца ізноў пытаньня захаваньня незалежнасьці, таксама будуць абуджаць людзей”.