КДБ плянуе перадаць у суд справу аб тэрарызьме падчас выбараў

Радыё Свабода У найбліжэйшы час крымінальная справа ў адносінах сябраў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” будзе накіраваная ў суд. Пра гэта паведаміў сёньня старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка.
Разам з тым ён дадаў, што камітэт працягвае дасьледаваньне крымінальнай справы, распачатай напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў па фактах, зьвязаных з падрыхтоўкай тэрарыстычных актаў.

“Тое, пра што я казаў напярэдадні выбараў, на жаль, знаходзіць пацьверджаньне”.

Паводле Сьцяпана Сухарэнкі, “фігурантамі па справе праходзяць ня толькі асобы, што пражываюць у Беларусі, але галоўным чынам з-за мяжы”.

Кіраўнік КДБ заявіў, што ў сувязі з гэты будуць зробленыя адпаведныя захады ў адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі. Ён дадаў, што па гэтай справе “будзе прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці”.

Нагадаем, што чацьвёра сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” – Цімафей Дранчук, Эніра Браніцкая, Мікола Астрэйка і Аляксандар Шалайка – былі арыштаваныя 21 лютага сёлета.

Як паведаміў 2 сакавіка старшыня КДБ яны былі арыштаваныя ў сувязі з датычнасьцю да падрыхтоўкі сілавога скіданьня ўлады. Паводле Сухарэнкі, сцэнар апазыцыі прадугледжваў правядзеньне ў Менску шматтысячнага мітынгу, падчас якога “у натоўпе плянавалася ўзарваць выбуховыя прыстасаваньні”.

Арыштаваным сябрам “Партнэрства” было прад''яўленае абвінавачваньне паводле артыкулу 193 крымінальнага кодэксу – “арганізацыя альбо кіраўніцтва аб’яднаньнем, якое замахваецца на асобу і правы грамадзян”.

Пазьней, 16 сакавіка, напярэдадні выбараў на чарговай прэсавай канфэрэнцыі старшыня КДБ паведаміў, што затрыманая група асобаў, якія рыхтавалі выбухі чатырох школаў у Менску. На прэсавай канфэрэнцыі быў прадэманстраваны відэазапіс паказаньняў асобы, якая гаварыла, што праходзіла падрыхтоўку ў лягерах баевікоў за мяжой, дзе яго навучалі абыходжаньню са зброяй, а таксама з мэтадамі масавага атручваньня людзей.

Старшыня КДБ таксама паведаміў сёньня, што затрыманыя, а потым вызваленыя пад падпіску аб нявыезьдзе браты Мурашкі, па ранейшаму праходзяць па справе аб выбухах у Віцебску. Паводле Сьцяпана Сухарэнкі браты Мурашкі датычныя да гэтых выбухаў, але сьледзтва яшчэ вызначыць ступень іх удзелу.14 і 22 верасьня летась у выніку выбухаў у цэнтры Віцебска пацярпелі 40 чалавек.