Віталь Сямашка, Пярэвалачня, Талачынскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”. Эфір 30 траўня.
Так атрымалася, што ў дзень майго прыезду ў Перавалачны назва гэтай вёскі на Талачыншчыне страціла закладзены ў яе сэнс. Банкрутам абвясьціла сябе тутэйшая прыватная аўтастаянка “Дарсэрвіс”, што знаходзілася акурат пасярод шляху паміж Берасьцем ды Масквой. Зрэшты, кіроўца мікрааўтобуса “Газэль” 21-гадовы Алесь Смусь меў настрой ня надта самотны.
(Алесь: ) “Працую тут са сьнежня 2005-га. Заробак ня болей за 200 тысяч выходзіць. Гэта вельмі маленькі заробак для камэрцыйнай структуры. Добра, я нежанаты, жыву з бацькам — а зь сям’ёй пражыць… За кватэру заплаціць — 70 тысяч, а адзеньне купіць, а дзіцёнка ў школу апрануць — ня менш за 100 даляраў. Думаю шукаць нейкую працу”.
У кавярню, куды я зайшоў, — нікога. Гутару з бармэншай Сьвятланай, яна тут два гады. Кажа, што за дзень было ўсяго два наведнікі.
(Сьвятлана: ) “Кавы папілі. Прабіла 18 тысяч — 18 тысяч за ўвесь дзень! Такое часьцяком бывае”.
А дзесяцігодзьдзе таму стаянка адначасова прымала да шасьцідзесяці грузавых фураў. Але падаткі, што апошнімі гадамі, са словаў уладальнікаў, узрасьлі непамерна, прывялі да таго, што з тоны прададзенага паліва бізнэсоўцы сталі мець усяго 9 даляраў прыбытку. Да таго ж, дзяржава за праезд у адзін канец па трасе стала браць мыта 50 даляраў, якога можна пазьбегнуць, калі ехаць у аб’езд празь Літву ці Ўкраіну. Вядомы тутэйшы палітык ды краязнаўца Мікалай Петрушэнка перакананы, што сытуацыя мае й палітычны падтэкст.
(Петрушэнка: ) “Гадоў дзесяць таму тут ішоў такі транспартны паток, што дзядзька тутэйшы лаяўся, што аўтамабілі зьбіваюць пчолаў і тыя гінуць. А цяпер ніхто не насмельваецца сказаць, што патокі не ідуць гэтай трасай Берасьце—Масква, таму што прадпрымальнікі — расейскія, польскія, беларускія — баяцца, што іх груз будзе затрыманы, сканфіскаваны беларускімі мытнікамі. Баяцца нашай Беларусі, і мы церпім страты”.
Пры тым, што патэнцыйна стаянка ў Перавалачным застаецца пэрспэктыўнай для бізнэсоўцаў, патрэбнай для кіроўцаў — гэта я высьветліў у часе размовы з Аляксандрам з Масквы. Ягоны “мэрсэдэс” стаяў адзіны на плошчы 5 гектараў.
(Карэспандэнт: ) “Ці вам патрэбная гэтая стаянка?”
(Аляксандар: ) “Увогуле, патрэбная, бо далей толькі Барысаў, болей стаянак няма. Яна дарэчы — да мяжы зранку й да Масквы, калі час дазваляе начаваць. Тут жа і душ, і лазьня была, і пад’есьці”.
У 20-я гады мінулага стагодзьдзя ў гэтых мясьцінах, паводле кнігі “Памяць”, быў аэрадром, дзе служыў сын Інэсы Арманд, вядомай бальшавічкі. Няўрымсьлівы Петрушэнка даўно вылучыў гіпотэзу, што гэта быў пазашлюбны сын правадыра пралетарыяту. Але яшчэ неверагоднейшая вэрсія, якую ён распрацоўвае цяпер і ўпершыню публічна падзяліўся ёй са “Свабодай”:
(Петрушэнка: ) “Згадаем 1990 год, калі Руст прызямліўся на Краснай плошчы. Па тактычна-тэхнічных характарыстыках ён без дазапраўкі ня мог даляцець да Масквы. Ёсьць людзі, якія сьведчаць, што Руст сядаў тут, дазапраўляўся і апошнія 600 кілямэтраў ляцеў на паліве, якое паднесьлі ў Пярэвалачнай”.
(Карэспандэнт: ) “Але чаму, калі столькі матэрыялаў абнародавана пра палёт Руста, ягонае прызямленьне ў Пярэвалачнай засталося па-за кадрам?!”
(Петрушэнка: ) “А каму гэта было выгадна?! Пералёт Руста быў кампаніяй дзеля дыскрэдытацыі КПСС і ўлады. Тады паляцелі шапкі ў дзевятнаццаці генэралаў”.
Пацьверджаньня вэрсіі мясцовага краязнаўцы ў Пярэвалачным я не знайшоў.
У размовах мясцовыя называюць вёску Пярэвалачняй. Гэты назоў ужывае і сотня жыхароў, што засталіся, — колькасьць іх апошнімі гадамі скарацілася ў пяць разоў. Вядомы ж драматург і пісьменьнік Алесь Петрашкевіч, які тут нарадзіўся ды, зь ягоных словаў, правёў лепшы 21 год жыцьця, гаворачы пра савецкае пераназваньне, ня можа і цяпер стрымаць эмоцыяў.
(Петрашкевіч: ) “Вы маю вёску называйце Пярэвалачня! Адбылося дзікунства — спачатку зьмянілі назву прыпынку і назвалі вёску Перавалачнай! Там ніхто нічога не перавальваў — там цягалі ладзьдзі ды стругі! Вёска стаіць на волаку з вараг у грэкі па Друці, Крывой, волакам на Ўсьвейку, а там ужо і Заходнюю Дзьвіну”.
Першыя згадкі пра Пярэвалачню — далей буду называць яе па-старажытнаму — зьявіліся ў 1552-м, калі канглямэрат з чатырох паселішчаў належаў магнатам Корсакам. Да 1917-га пан Гардзілоўскі хаваў тут у сваім фальварку да суду Якуба Коласа. Алесь Петрашкевіч прысьвяціў у сваіх успамінах вёсцы аж дзьвесьце старонак. Для “Свабоды” — расповед пра бабскі бунт, што адбыўся ў 1950-я гады. Каталізатарам яго стаў тагачасны малады землямер і будучы генсек КПСС Леанід Брэжнеў. На заданьне начальства ён прыехаў забраць для калгасу ў пярэвалачанцаў лепшыя землі, кажа спадар Алесь.
(Петрашкевіч: ) “На той час 20-гадовы Лёнька-землямер, як яго звалі, зьявіўся ў нашу вёску, каб абробленыя агароды ўрэзаць і далучыць да калгаснага поля, а сялянам нарэзаць на дзірване ды касагоры. Калі людзі прыйшлі з працы, Лёнька-землямер сабраў іх на лузе, дзе стаялі камлі забітыя, і ўсё патлумачыў. Жанчыны, што зваліся Кажарыха і Праскоўя Шумская, схапілі сякеры й пасеклі сталёвую ленту. Наехала НКВД, баб закрылі ў школе, а мужыкам прапанавалі: калі не запішацеся ў калгас, бабы вашыя будуць на Салаўках. І мужыкі так вось “дабравольна” запісаліся ў калгас. А Лёнька-землямер жыў у нас. Была добрая пяцісьценная хата, маці добра гатавала. Быў даволі ахвочы да дзевак. Пярэвалачане памятаюць так: “за Гашкай Давыдавай Лёнька так улёг, як дурное жарабя за вагонам”.
Празь Пярэвалачню, дзякуючы геаграфічнаму становішчу, праходзілі ды праяжджалі з усіх бакоў сьвету. У зьвязку з чым месьцічы былі досыць інфармаваныя, палітызаваныя й свабодалюбныя. Яшчэ тое-сёе з успамінаў Алеся Петрашкевіча:
(Петрашкевіч: ) “Быў такі Антон Братулец. Выпісваў газэту “Чырвоны хлебароб”. Сядзіць Антон на завалінцы, чытае газэту. Ідзе сусед Сямён па мянушцы Сруль. Кажа: што там новага ў сьвеце, Антонька? Антон дэманстратыўна нюхае газэту й кажа: порахам патыхае, такую яе маці! Які яшчэ порах?! А ты паглядзі, як Молатаў Рыбэнтропа за станік ручкай абдымае, а ззаду фігу трымае. Данёс, відаць, Сямён на Антона. Антону далі за “паражэнчаскія” настроі 5 гадоў. Вызвалілі немцы праз году паўтара. Кляў Антон савецкую ўладу мёртвай кляцьбой, але не пайшоў ні на якое супрацоўніцтва ні з кім, быў сам па сабе. Дарэчы, у вайну было ў нас чатыры дзяды. Гэта быў штаб, які назіраў вайну па-свойму. Адзін лічыў нямецкія танкі й казаў: падзе Масква. Другі: выстаіць! Трэці брат чакаў, калі, нарэшце, падзеляць калгасную зямлю, каб і яму перапала”.
Сёньня можна казаць, што мары дзядоў ня спраўдзіліся. Убачыўшы чужынцаў, да нас пад’ехалі на кані 26-гадовы сьлесар Аляксей Шалкевіч ды 27-гадовы пастух Аляксандар Багадзевіч. Гаварыць пачалі зь лёту, словаў не выбіралі — пра тое, што баліць.
(Шалкевіч: ) “Вёска вымірае. Лукашэнка сказаў, што мы выйшлі на ўзровень 1990 году. Гэта хлусьня! Людзі адсюль зьяжджаюць! Я памятаю, у 1995-м было 40 кароваў, людзі па дзьве-тры трымалі. Цяпер 7 кароваў, а колькі пустых хатаў! Там вунь млын быў у 1996-м, тры фэрмы, людзі працавалі!”
(Багадзевіч: ) “Сёньня выгналі кароваў у поле — вы паглядзіце, якая трава маленькая! А вунь калгасныя палеткі пад азімыя ўсюды. Тут няма куды ганяць кароваў!”
(Шалкевіч: ) “У Расеі больш свабодна! У Беларусі ўсё сьціснута — Лукашэнка цісьне! Карупцыя — бог зь ім. Людзі павінны жыць! Чаму ў Расеі можна ладзіць справы?! Таму што там свабода! А тут няма — і свабоды слова няма!”
Хутка падышоў і 48-гадовы Аляксандар Давыдзенка — ён адзіны ў Пярэвалачні партыец з ПКБ, камуністы, як ён гаворыць, з 27-гадовым стажам. Афіцыйна восем гадоў беспрацоўны. Але, сьмяецца, фірма венікі вяжа. У літаральным сэнсе, гэта ягоны сродак існаваньня: штогоду адпраўляе іх у лазьні Масквы некалькімі фурамі. Аляксандар тут жа палітызуе размову.
(Давыдзенка: ) “Лукашэнка выйграў чэсна ў Пярэвалачні — 90% галасавала за яго, усе пэнсіянэры, а іх столькі й ёсьць. Я супраць рэжыму Лукашэнкі. Наш “бацька” быў дванаццаць гадоў, нельга пад сябе падганяць Канстытуцыю. Ён гэта зрабіў двойчы — у 1996-м і пасьля рэфэрэндуму. Я галасаваў за Мілінкевіча”.
(Петрашкевіч: ) “Сапраўдныя пярэвалачанцы вымерлі, а тыя, хто туды панаехаў — чужакі, я б назваў — набрыдзь. Яны там часовыя”.
У тым ліку і таму перастаў прыяжджаць апошнім часам на малую радзіму драматург Петрашкевіч. Але дагэтуль не адпускаюць Алеся Лявонавіча настальгічныя ўспаміны.
(Петрашкевіч: ) “Кожны год езьдзіў чысьціць матчыну крыніцу. Ва ўсіх пасьля мэліярацыі перасохла, нашая жыла. Калі я туды езьдзіў, жылі мае землякі, яны станоўча адносіліся да майго дзівацтва. Апошнім разам выцягнуў матацыклетнае кола, куфайку, скрынку ад гарэлкі. А цяпер я не ведаю — крыніца, можа, пральецца, а можа, і заглухне”.
Самы прыстойны будынак у Пярэвалачні — былы дзіцячы садок. Яго выкупіла ды прыватызавала пад жытло ўсяго за 1 тысячу даляраў сям’я Елавых. 34-гадовы піларамшчык Андрэй узяў 30 сотак і сам сабраў невялікі трактар. Бадай, адзіны, хто тут ня сьпіўся. Аднак з калгасу сышоў і цяпер працуе ў прадпрымальніка. Вось як ён гэта патлумачыў:
(Елавы: ) “Хіба можна пражыць з таго, што вырошчваеш на зямлі?! Вы наверх падыміцеся — жах, бруд, бардак! На працу ўладкавацца няма куды. У калгас сэнсу няма ісьці. Каб пражыць, там трэба красьці. Я не магу! І сэнсу мне туды хадзіць за 100 тысяч! Як пражыць? Прыйшоў бы нармальны старшыня, даў даярцы 700 тысяч, пастуху 400 — і ўсё нармальна. А так крадуць і п’юць. Больш стратаў, чым працы!”
Як і паўсюль, тут наракаюць на начальства. Мікалай Петрушэнка прыгадвае такую гісторыю:
(Петрушэнка: ) “Калі спатрэбілася адрамантаваць транспарцёр для выдаленьня гною, дык майстроў прывезьлі з Малдовы й падпісалі зь імі дамову на 9 мільёнаў рублёў. Праўда, праверка Дзяржкантролю прыпыніла працэс. Цяпер гэтага кіраўніка ўжо няма. Прозьвішча яго было Ловак. Ён пакінуў доўгу на 6 мільёнаў за тэлефонныя перамовы, сына свайго ўвёў у штат юрыстам і амаль год не плаціў грошай за тое, што жыў у калгаснай хаце, што ацяплялася газам”.
(Карэспандэнт: ) “Што ж ён — малдаванам даваў зарабіць, а сваім ні капейчыны?”
(Елавы: ) “Тут увесь час так. Дапусьцім, падзяліць заробак паміж старшынём і сваімі — свае ж раскажуць. А з чужымі падзяліў — і ўсё нармальна!”
Ідучы да чыгункі на Менск, сустрэў 15-гадовага Ваню Кароткага. Ён ішоў з адзінай тут фэрмы на 300 кароваў, дзе падпрацоўвае ў вольны час. Марыць стаць фэрмэрам.
(Карэспандэнт: ) “А сама Пярэвалачня падабаецца табе?”
(Ваня: ) “Так, прызвычаіўся, утульна, усё ведаеш. Самае прыгожае — возера, лес. Што непрыгожа — будынкі трэба зносіць, вежу сіласную мяняць”.
(Карэспандэнт: ) “А застанесься ў Пярэвалачні?”
(Ваня: ) “Так. Хачу паступіць на мэханіка ды матацыкліста. Потым прыеду ў Пярэвалачню, буду наводзіць парадкі, за агародамі даглядаць, парканы трэба ўсім ставіць”.
(Карэспандэнт: ) “Думаеш, атрымаецца, адродзіцца Пярэвалачня?”
(Ваня: ) “Так!”
(Карэспандэнт: ) “Ну, посьпехаў!"