Рознагалосьсі наконт стратэгіі дэмсілаў адмоўна ўспрымаюць у рэгіёнах

Радыё Свабода У рэгіёнах пачалося абмеркаваньне стратэгіі дзеяньняў апазыцыі на бліжэйшыя два гады, зацьверджанай на мінулым тыдні палітычнай радай аб’яднаных дэмакратычных сіл. Як ставяцца да рашэньня гэтага органу мясцовыя актывісты апазыцыі?
Былы кіраўнік Гомельскага абласнога выбарчага штабу экс-кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Уладзімір Кацора ўхваляе прапанаваную стратэгію.

(Кацора: ) “Мы на гэтым этапе, які прайшлі – так званыя прэзыдэнцкія выбары – не маглі перамагчы. Таму што якраз не было адной каманды. Мы працавалі на тое, каб стаў вядомы Мілінкевіч, каманда, кааліцыя была вядомая. І гэта мы няблага зрабілі. Але для перамогі гэтага было малавата. І таму я прыхільнік таго, каб мы як мага хутчэй разабраліся ўнутры сябе, і гэтая наша кааліцыя, якая была, пашыралася пад новым брэндам – ці то рух, ці то кампанія “За свабоду” з адзіным лідэрам. Для мяне гэта Мілінкевіч…”

Інакш лічыць лідэр Менскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін, які ў часе прэзыдэнцкіх выбараў ўзначальваў штаб Мілінкевіча ў Барысаве.

(Марголін: ) “Я ведаю, як ставяцца да гэтага пытаньня людзі на месцах. Яны кажуць, што мы выбіралі адзінага кандыдата і, калі б ён стаў прэзыдэнтам, то ён бы меў пяць гадоў для сваёй працы. Але паколькі ён ня стаў прэзыдэнтам, то ніхто яму індульгенцыі на наступныя пяць гадоў не даваў. Яшчэ падчас правядзеньня кангрэсу дэмакратычных сілаў я быў за тое, каб там на першым кангрэсе прыдаць кангрэсу статус пастаянна дзеючага. Я і зараз падтрымліваю гэтую ідэю, што кангрэс павінен быць пастаянна дзеючым. Бо я лічу, што на сёньняшні дзень гэта найбольш прадстаўнічы ворган, які маюць прыхільнікі пераменаў. І калі б да яго можна было б яшчэ й далучыць і прыхільнікаў Казуліна, і тых новых людзей, якія зьявіліся на плошчы, то гэта б толькі дадало яму сілаў”.

Рознагалосьсі ў пытаньні стратэгіі выклікаюць у многіх рэгіёнах адмоўную рэакцыю мясцовых актывістаў апазыцыі. Гаворыць каардынатар штабу дэмакратычных сілаў Салігорску Ларыса Насановіч.

(Насановіч: ) “Вельмі дрэнна, што маюць месца рознагалосьсі. Калі яны зараз пойдуць дзьвюма калёнамі, то гэта будзе вельмі дрэнна для дэмакратычнага руху Беларусі. І наагул для насельніцтва. Бо людзі не зразумеюць. Яны і цяпер не разумеюць, што там гэтая апазыцыя нешта дзеліць… Гэта адштурхне людзей, хто сочыць за гэтым рухам, хто добразычліва ставіцца да яго. Таксама шмат хто з нашых актывістаў супраць таго, што адбываецца цяпер паміж Мілінкевічам і Лябедзькам. Бо больш слабы будзе і адзін бок, і другі, калі яны пойдуць рознымі шляхамі”.