Алесь Бяляцкі вылучаны на Нобэлеўскую прэмію міру

Валер Каліноўскі, Прага Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі ўнесены ў сьпіс кандыдатаў на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру. Пра гэта паведамляе газэта “Наша Ніва”.
Кандыдатуру Алеся Бяляцкага прапанавала група дэпутатаў ад розных партыяў у парлямэнце Нарвэгіі. У вылучэньні Алеся Бяляцкага няма нічога дзіўнага – Нарвэгія зь цікавасьцю й сымпатыяй прыглядаецца да Беларусі, піша "Наша Ніва". У красавіку прэм’ер-міністар гэтай краіны прыняў лідэра беларускага дэмакратычнага руху Аляксандра Мілінкевіча.

Сам Алесь Бяляцкі сёлета атрымаў у Нарвэгіі праваабарончую прэмію імя Сахарава, а ў Чэхіі з рук Вацлава Гаўла – прэстыжную прэмію "Homo homini" ("Чалавек чалавеку").

Алесь Бяляцкі стварыў і ўзначальваў адну з самых значных праваабарончых арганізацый Беларусі – праваабарончы цэнтар "Вясна", які цяпер забаронены, пасьля пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі. “Вясна” дапамагала арыштаваным і засуджаным удзельнікам акцыяў пратэстаў, два дзясяткі разоў судзілі самога Бяляцкага.

Але намінацыя – усяго толькі меркаваньне, піша далей “Наша Ніва”, шанцы А.Бяляцкага нарвэскія экспэрты лічаць досыць невялікімі. Сярод іншых прэтэндэнтаў на Нобэлеўскую прэміі міру – былы прэм’ер-міністар Фінляндыі Марці Ахтысаары, прэзыдэнт Інданэзіі Сусіла Бамбанг Юдхаёна і Карла дэль Понтэ, кіраўніца Міжнароднага трыбуналу па былой Югаславіі.