Анатоля Лябедзьку адпусьцілі пасьля "высьвятленьня асобы"

Любоў Лунёва, Менск Лідэра АГП Анатоля Лябедзьку супрацоўнікі міліцыі Ленінскага раёну Менску адпусьцілі а 9 вечара. Спэцназаўцы затрымалі апазыцыянэра прэвэнтыўна, калі ён ішоў на Кастрычніцкую плошчу, каб удзельнічаць у апазыцыйнай акцыі, прысьвечанай ўгодкам зьнікненьня Юрыя Захаранкі.
Анатоля Лябедзьку адвезьлі ў Ленінскі РУУС, нягледзячы на тое, што затрымалі яго на тэрыторыі Цэнтральнага раёну. На апазыцыянэра ня склалі пратаколу. Яму патлумачылі, што затрымалі выключна з мэтай высьвятленьня ягонай асобы. Анатоль Лябедзька даў інтэрвію Радыё Свабода, як толькі выйшаў зь міліцыі.

(Лябедзька: ) “Ніхто не прадстаўляўся. Людзі ў цывільным пачалі цягнуць. Вось я стаю ў разарваным пінжаку, у разарваным швэдары, разарваным боце… Падышлі б і сказалі: “У нас, Анатоль Уладзіміравіч, загад. Прабачце. Вось нашы пасьведчаньні. Мы вас вымушаны даставіць”. І не было б ніякіх праблемаў. Прывезьлі ў Ленінскі РУУС і сказалі: “А цяпер, Анатоль Уладзіміравіч, мы будзем высьветляць вашу асобу”. Я выйшаў. Тут стаяць Дабравольскі, мая жонка, Альфэр. Я выходжу праз адчыненыя дзьверы і чую, як маёр міліцыі ім кажа: “Няма ў нас Лябедзькі.” І я тут выходжу. Ён ім тры гадзіны казаў гэтую хлусьню. Маёр! Афіцэр! Ну…”

Анатоль Лябедзька запэўніў, што АГП будзе ладзіць вулічныя акцыі як мінімум два разы на месяц.