Радыё Свабода Ва Ўзьдзе адноўлена расьсьледаваньне па факце заявы лідэра мясцовай суполкі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Віктара Крываля пра фальсыфікацыю ў гэтым раёне вынікаў рэфэрэндуму й парлямэнцкіх выбараў у 2004 годзе. Як паведаміў спадар Крываль Радыё Свабода, расьсьледаваньне ініцыявала пракуратура, і сёньня актывіста выклікалі на допыт у сьледчы аддзел Узьдзенскага РУУС.
Заяву пра парушэньні заканадаўства пры падліку галасоў узьдзенскі сацыял-дэмакрат зрабіў сёлета падчас прэзыдэнцкай кампаніі, у якой ён удзельнічаў як сябра каманды экс-кандыдата Аляксандра Казуліна. Віктар Крываль лічыць дзеяньні праваахоўчых органаў у дачыненьні да яго няйнакш як перасьледам уладамі сваіх палітычных апанэнтаў, што распачаўся пасьля выбараў. У сваю чаргу, прадстаўнік узьдзенскай міліцыі Руслан Коршак, які выклікаў апазыцыянэра на допыт, кваліфікаваў свае дзеяньні як “шараговую праверку”.