Радыё Свабода У аўторак, на 9-ы дзень пасьля Вялікадня, праваслаўныя беларусы ўшаноўваюць памерлых. Веснавое памінаньне продкаў – Радаўніца. Паводле традыцыі, людзі наведваюць царкву, а пасьля – могілкі і памінаюць памерлых сваякоў.
На новых могілках у вёсцы Бор Пухавіцкага раёну сёньня ня будзе ніводнага плачу. На тэрыторыі, якую вызначыў сельсавет, вяскоўцы адмаўляюцца рабіць пахаваньні нябожчыкаў. Гаворыць тутэйшая жыхарка Ніна Бацян.
(Бацян: ) “У нас даўнія могілкі. Насупраць іх, праз дарогу, узгорак. Дык яны ад яго адступілі мэтраў на 50, плот бэтонны паставілі. За ім пахаваньні павінны ісьці ўніз, у чыстае поле. Але там заўжды затоплена, усю вясну стаіць вада. Людзі ўжо сказалі наконт начальства: “Няхай яны жывуць доўга, каб патрапілі ў самую нізіну”.
Са слоў спадарыні Бацян, пашыраць мясцовыя могілкі вымушае высокая сьмяротнасьць насельніцтва. Яшчэ ў 1986 годзе вёска Бор, як цэнтар калгаса “Бальшавік”, прыняла першых перасяленцаў з чарнобыльскай зоны. Паводле былой даяркі Марыі Ігнацік, для іх тады будавалі кароўнікі й сьвінарнікі, а на вечнае забываліся. “І на сёньня нашая вёска без царквы, а на Радаўніцу яе наведвае нібыта несапраўдны поп”, – дадае бабуля.
(Ігнацік: ) “Ён быў у арміі, мажліва, прапаршчыкам. І цяпер, без аніякай навукі, царкве служыць. Павесіў у нас на клюбе аб''яву, што прыедзе на могілкі весьці набажэнства. Па пяць тысяч за адну магілку. А калі прыяжджаў у вербную нядзелю сьвяціць, то ягоная матушка стаяла ў клюбе ў дзьвярох, як нібыта квіткі прадавала. Такі ў нас бацюшка...”
І ўсё ж Радаўніца ў Беларусі – перадусім сьвята. Блізкія прыбралі магілы. Сюды сёньня яны прынясуць ежу й пітво. “Сьцеражы Божа, каб хто роду ня выракся”, – нагадвае беларускае выслоўе краязнаўца Аляксей Дуброўскі. Менавіта ён адшукаў на Палесьсі закінутыя пахаваньні вядомых людзей Беларусі.
(Дуброўскі: ) “Сябраў Элізы Эжэшка й Рамуальда Траўгута. Адшукаў яшчэ помнікі Яна й Стэфаніі Жукоў у Новай Папіне Драгічынскага раёну. У вёсцы Моладава пад сьмецьцем адкапаў помнік Раману Скірмунту”.
Дня Радаўніцы тычыцца яшчэ адна беларуская прымаўка: “На Радаўніцу раніцай аруць, днём плачуць, а вечарам скачуць”. Дажывём да вечара!