Пра што гаварылі Лукашэнка і Пуцін у Пецярбургу?

Ігар Карней, Менск Сёньня Аляксандар Лукашэнка выправіўся ў Санкт-Пецярбург, дзе праходзяць сьвяточныя мерапрыемствы з нагоды 100-годзьдзя Дзяржаўнай думы Расеі. Якія пытаньні абмяркоўвалі сёньня Аляксандар Лукашэнка і Уладзімер Пуцін?
Насуперак меркаваньням экспэртаў — маўляў, Лукашэнка ляціць да Пуціна таргавацца за газ, большая частка размовы была прысьвечаная палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Паказальна, што сустрэча лідэраў адбылася на наступны дзень пасьля перамоваў Пуціна з канцлеркай Нямечыны Ангелай Мэркель. Ня выключана, што ў часе размовы паўстала і беларускае пытаньне — дагэтуль Мэркель двойчы сустракалася з Аляксандрам Мілінкевічам, і навіна пра арышт аднаго зь лідэраў беларускай апазыцыі наўрад ці магла прайсьці незаўважанай. Мабыць, таму гутарка Пуціна і Лукашэнкі пачалася з размовы пра пажаданьне наяўнасьці ў Беларусі “канструктыўнай апазыцыі”.

(Пуцін: ) “Усе палітычныя сілы, якія сябе актыўна паводзілі (і гэта натуральна ў часе выбарчай кампаніі) — ці ўдасца, як вы лічыце, усё ж аб’яднаць іх вакол асноўных праблемаў разьвіцьця краіны?”

(Лукашэнка: ) “Калі яны каго і аб’яднаюць, то гэта яшчэ адну-дзьве тысячы чалавек. Я не магу сказаць, што яны для нас ня важныя. І дзьве тысячы — гэта вельмі важна. Але калі яны і надалей будуць іншую пазыцыю займаць, то мы і бязь іх абыдземся. Мы краіну ўтрымаем у патрэбным кірунку, у тым кірунку, што і вам сорамна ня будзе, і міжнароднай супольнасьці за нас сорамна ня будзе”.

(Пуцін: ) “Мне было прыемна пачуць, што вы арыентаваныя на канструктыўную працу з усімі”.

(Лукашэнка: ) “Ну, канечне. Грэшна проста рабіць па-іншаму”.

Аляксандар Лукашэнка лічыць, што само паняцьце апазыцыі ў Беларусі штучнае. Як выказаўся беларускі лідэр, паколькі за яго прагаласавала “практычна ўсё насельніцтва, за бортам апынуліся хіба што “адна-дзьве тысячы малалетак, якія імкнуліся за грошы нешта дэстабілізаваць”.

Расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў, які падчас выбараў быў у Беларусі як назіральнік, лічыць размовы паміж Пуціным і Лукашэнкам пра “кантруктыўную апазыцыю” абсалютна недарэчнымі.

(Кавалёў: ) “Размовы пра канструктыўную апазыцыю абсалютна бессэнсоўныя і нават, я б сказаў, дурныя. У нашым выпадку магчымая толькі незамірымая апазыцыя. Канструктыўная апазыцыя вельмі цывілізаваная, вельмі важная, вельмі запатрабаваная — але толькі пры адной умове: яна магчымая пры ўмове канструктыўнай улады. Вашая і нашая ўлады — дэструктыўныя. Ніякія канструктыўныя апазыцыі такім уладам не патрэбныя. Такія ўлады трэба проста гнаць пінком пад зад. Нічога іншага яны не разумеюць”.

Расейскія мэдыі называюць візыт Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбург нечаканым. Прынамсі, дагэтуль паездка беларускага кіраўніка на сьвяткаваньне 100-годзьдзя расейскай Дзярждумы не анансавалася. Між тым, ёсьць зьвесткі, што радасны настрой Лукашэнкі можа быць папсаваны. Напярэдадні “Газпром” абвясьціў (а ёсьць зьвесткі, што ў Санкт-Пецярбурзе гэтыя лічбы былі пацьверджаныя) пра пераход на камэрцыйныя кошты за прыродны газ. Ад 2007 году Беларусі будуць прапанаваныя 145 даляраў за 1тысячу кубамэтраў. Цяпер Беларусь набывае газ утрая таньней.