Радыё Свабода, Менск Навуковец і палітык Юры Хадыка выказвае павагу ўпершыню арыштаваным Аляксандру Мілінкевічу й Сяргею Калякіну.
(Хадыка: ) “Яны сталі на шлях змаганьня й дэманструюць сваю сьмеласьць. Спадзяюся, што гэтае пакараньне не прывядзе да адыходу ад руху супраціву сёньняшняму дыктатарскаму рэжыму. Гэта відавочны націск на лідэраў. Характар Чарнобыльскага шляху быў выключна мірны. Цяпер вельмі шмат новых твараў. Гэтая генэрацыя склалася, мяркую, гадоў пяць таму. Да сьвядомага жыцьця прыйшлі вельмі маладыя людзі. Гэта натхняе, бо відавочна адбываецца зьмена — вельмі цікавая й пэрспэктыўная. Перадусім іх улада баіцца. Яна разумее, што калі абудзіцца частка насельніцтва 20—25-гадовых, то ва ўлады не застанецца ніякіх пэрспэктываў”.