Der Standard: І ніякага больш адпачынку ў Аўстрыі для Лукашэнкі

Радыё Свабода Забарона на ўезд у краіны ЭЗ для беларускага чынавенцтва з''яўляецца палітычным сыгналям. Аднак наколькі балючым будзе гэты крок для беларускага кіраўніцтва? -- ставіць пытаньне венскае выданьне. Беларускія чыноўнікі рэгулярна ездзілі ў краіны ЭЗ ў службовыя камандзіроўкі, на канфэрэнцыі і перамовы і, натуральна, на адпачынак.
Што да Аляксандра Лукашэнкі, то афіцыйна за 12 год свайго прэзыдэнцства ён бываў у ЭЗ нячаста. Прадстаўнік міністэрства замежных справаў у Менску адрэагаваў на запыт карэспандэнта Der Standard агрэсыўна: “Пытаньне неістотнае. Вы проста губляеце час".

У Аўстрыі Лукашэнка быў у красавіку 1996 з працоўным візытам, ён прымаў удзел у паседжаньні, прысьвечаным 10м угодкам Чарнобыльскай катастрофы. «Прыватным» быў названы ягоны візыт у красавіку 1998 у нямецкі Гановэр, у часе якога ён сустракаўся з тагачасным кандыдадатам на пасаду Бундэсканцлера Герхардам Шродэрам – «выключна нефармальна», як сказаў сам Шродэр.

Вядомы таксама і прыватны візыт Лукашэнкі ў 2002 ў Аўстрыю, пра які ў свой час пісала выданьне Profil. Гэтую паездку, паводле публікацыяў у тагачаснай аўстрыйскай прэсе, беларускі кіраўнік зрабіў на запрашэньне старшыні Аўстрыйскага нацыянальнага алімпійскага камітэта і ўладара казіно Лео Вальнэра.

Як піша Der Standard, тады Лукашэнка нібыта удзельнічаў у хакейным матчы Беларусь – Аўстрыя і забіў тры галы. Паводле інфармацыі, якая маецца ў рэдакцыі венскага выданьня, Лукашэнка бываў у Аўстрыі рэгулярна. Напрыклад, ён прыяжджаў у Альпы, каб пакатацца на лыжах на курорце Лех-ам-Арльберг.

Паводле інфармаваных крыніцаў, Лукашэнка нават атрымліваў лячэньне ў Аўстрыі, а менавіта ў вядомай прыватнай клініцы Rudolfinerhaus, дзе таксама лячыўся і ўкраінскі прэзыдэнт Віктар Юшчанка. У самой клініцы рэдакцыі гэтай інфармацыі, аднак, не пацьвердзілі.

Як павеламіла крыніца Der Standard, Лукашэнка прыбываў у Аўстрыю праз Браціславу. Як ён перасякаў мяжу – ці то на машыне з дыпнумарамі, ці то нейкім іншым шляхам, невядома.