Малыя Сяхновічы: адна з радзімаў Тадэвуша Касьцюшкі

Ягор Маёрчык, Малыя Сяхновічы, Жабінкаўскі раён, Берасьцейшчына Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.
Школа ў Малых Сяхновічах дажывае апошнія месяцы. Афіцыйныя асобы Жабінкаўскага райвыканкаму ўстрымліваюцца ад камэнтароў, але настаўнікі прагназуюць, што на наступны навучальны год ім знойдуць новую працу, дзяцей разьмяркуюць у навакольныя школы, пасьля чаго вокны будынку пазабіваюць, а на дзьверы замкнуць. Намесьніца дырэктара школы Ірына Каменева кажа:

(Каменева: ) “Пакуль гэта ўсё на ўзроўні размоваў. Я не магу сказаць, што на сёньняшні дзень мы афіцыйна стаім перад фактам. У нас у раёне склалася наступная сытуацыя: адкрываецца ліцэй, а гэтая школа становіцца эканамічна нявыгаднай для дзяржавы, бо на яе ўтрыманьне ідуць вялікія выдаткі. Нам сказалі так: Сяхновіцкая школа зачыняецца, каб адчыніць ліцэй”.

У Малыя Сяхновічы я прыехаў разам з краязнаўцам Анатолем Бендзяруком. Ён вядомы дасьледаваньнямі роду Касьцюшкаў. Спадар адстойвае вэрсію, што нацыянальны герой Беларусі, Польшчы й ЗША нарадзіўся не ў Мерачоўшчыне, а менавіта ў Малых Сяхновічах.

Разам са спадаром Бендзяруком мы знаходзімся ў будынку школы, у музэйным пакоі. Краязнаўца ладзіць міні-экскурсію.

(Бендзярук: ) “Да гэтага часу сярод гісторыкаў вядуцца спрэчкі, дзе нарадзіўся Касьцюшка. Існуюць дзьве вэрсіі: ён нарадзіўся ў Мерачоўшчыне, і ён нарадзіўся ў Малых Сяхновічах. Мы зь Мерачоўшчынай не ваюем. Мы лічым, што калі ёсьць дзьве вэрсіі й абедзьве тычацца Берасьцейшчыны, хай яны будуць. На сёньня няма дакумэнтаў, якія адназначна кажуць, што ён нарадзіўся ці тут, ці там. Выходзіць, абедзьве вэрсіі маюць права на жыцьцё”.

(Карэспандэнт: ) “Якія доказы кажуць на карысьць Малых Сяхновічаў?”

(Бендзярук: ) “Гавораць вусны самога генэрала. У 1820 годзе выйшла з друку першая вялікая біяграфія Тадэвуша Касьцюшкі, напісаная швайцарскім дасьледчыкам Карлам Фалькенштэйнам. Аўтар спасылаецца на Касьцюшку, зь якім ён гутарыў: Касьцюшка сам сказаў, што нарадзіўся ў Малых Сяхновічах”.



Бюст Тадэвуша Касьцюшкі, пафарбаваны ў срэбра, стаіць перад уваходам у школу. Анатоль Бендзярук з гонарам падкрэсьлівае, што гэта адзіны ў Беларусі помнік генэралу.

(Бендзярук: ) “Гэты бюст быў створаны мясцовай мастачкай Альбінай Відацкай. Ён зроблены ў 30-я гады ХХ стагодзьдзя. З 1952 бюст ляжаў у запасьніках Сувораўскага музэю ў Кобрыне, у склепе. Ён там знаходзіўся да 1987-га. А ў 1988-м склеп разваліўся. Трэба было нешта рабіць з Касьцюшкам. Кобрынскае начальства вырашыла перадаць яго Берасьцейскаму краязнаўчаму музэю. Ім чужы герой таксама быў ня вельмі патрэбны, яго адправілі ў казэматы Берасьцейскай крэпасьці. У 1988-м сюды павінна была прыехаць польская пісьменьніца Барбара Ваховіч. Тады яна пісала кніжку “Назаві мяне проста Касьцюшкам”. Натуральна, яна не магла аб’ехаць Малых Сяхновічаў. Яна сюды і ехала. Напярэдадні раённае начальства паклапацілася, каб вярнуць Касьцюшку на радзіму. Яго знайшлі ў казэматах з адбітым носам. Мастак Міхал Карнееў прыляпіў за адзін вечар нос. Наступным днём Барбара Ваховіч сустракае бюст Касьцюшкі на тым месцы, дзе ён і павінен быў быць”.

Малыя Сяхновічы — непэрспэктыўнае паселішча: чатыры вуліцы, тры дзясяткі хатаў. Дарога ад райцэнтру падасца даўжэйшай за пяць кілямэтраў — асфальту няма, машыну падкідае на кожнай калюзе.

Нешматлікія пэнсіянэры-вяскоўцы пра Касьцюшку ведаюць. І кожны можа адказаць на пытаньне, хто гэта такі. Часьцяком даводзяць, што ён быў панам, гучаць яшчэ вэрсіі “дэмакрат” і “паляк”. А вось састарэлая Ніна Ярмашук вылучыла больш арыгінальную гіпотэзу.

(Ярмашук: ) “Гэта рэвалюцыянэр. Чым ён займаўся? Я тады была яшчэ маленькая і ня памятаю”.



(Карэспандэнт: ) “Нешта, гляджу, у вас праблема з дарогамі: не прайсьці, не праехаць”.

(Ярмашук: ) “Гэта вясной такая дарога, а пасьля яна высахне і стане добрай”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, вам тут патрэбны асфальт...”

(Ярмашук: ) “Ад гэтага ніхто не адмовіцца. У нас і калёнка зламаная. Самі мы яе адрамантаваць ня можам. Не стае адной запчасткі, нейкага кляпана, і мы яго нідзе ня можам дастаць”.

(Карэспандэнт: ) “А ў сельсавет зьвярнуцца?”

(Ярмашук: ) “О-о-ой, а дзе ён возьме таго кляпана? У сельсавеце таксама няма за што яго набываць. У нас у вёсцы сьвятло на вуліцы ёсьць!”

(Карэспандэнт: ) “Раней не было?”

(Ярмашук: ) “Раней не было! Было, пасьля адключылі, а пасьля зноў уключылі”.

Пэнсіянэрка Вольга Юзьвік дзеліцца ўражаньнямі ад замежных гасьцей, якія часьцяком наведваюць Малыя Сяхновічы. Кажа, што бальшыня турыстаў прыяжджае з Польшчы, бываюць дэлегацыі і з таго боку Атлянтычнага акіяну.

(Юзьвік: ) “Сюды прыяжджаў амбасадар з Амэрыкі”.

(Карэспандэнт: ) “Бачылі амбасадара? Як уражаньні?”

(Юзьвік: ) “Нічога такі. Амбасадар як амбасадар, чалавек як чалавек. З народам абыходзіцца як сьлед”.



(Карэспандэнт: ) “Улічваючы тое, што сюды прыяжджаюць экскурсіі, мо вы адчуваеце большую ўвагу з боку сельсавету, райвыканкаму?”

(Юзьвік: ) “Людзі нічога такога не адчуваюць. Каб праз Касьцюшку сельсавет ці райвыканкам нешта зрабіў — няма такога”.

(Карэспандэнт: ) “Што б варта было зьмяніць у жыцьці вёскі?”

(Юзьвік: ) “Вяскоўцу трэба, каб карову забясьпечылі сенам. З гэтым ёсьць праблемы. Кожны пэнсіянэр намагаецца трымаць карову, але старыя ня могуць самастойна накасіць, а калгас нічым не дапамагае. Маўляў, самі старайцеся касіць на равах. Вось і мы кароўку прадалі”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Юзьвік: ) “Я жыву з сынам. З раніцы да вечара ён на працы. Яму няма часу касіць сена. Калі раней у вёсцы было 34 каровы, то цяпер толькі 16”.

Пэнсіянэры ў Малых Сяхновічах жартуюць, што калі праблема зь сенам ня вырашыцца і ў вёсцы збудуць апошняе быдла, тады кароваў можна будзе пабачыць толькі ў школьных падручніках. Ну а пакуль гэтых жывёлаў гадуюць на калгаснай фэрме, што на ўскрайку паселішча.

Два спадары віламі выкідаюць гной. Пабачыўшы мяне, вырашаюць зрабіць перакур. Паразмаўляць наважваецца толькі адзін — Аляксандар. Другі (імя якога колькі ні выпытваў, так і ня ўведаў) ціхенька стаіць убаку і ўважліва слухае.

(Аляксандар: ) “Як стаў прэзыдэнтам Лукашэнка — нам добра, раней такога не было. Людзі працуюць, фэрмы ў нас зноў наладжваюцца. Заробак толькі слабы — за месяц сотня тысяч беларускіх рублёў выходзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Як людзі на выбарах галасавалі?”

(Аляксандар: ) “Выдатна прагаласавалі! Калі паставіць іншага прэзыдэнта, у нас была б бяда: не было б ні заробку, ні дапамогі. У газэце пра Казуліна было напісана, што ў яго паўтара гектара зямлі, у жонкі зямля, ёсьць машына і лецішча. А ў нашага прэзыдэнта няма ні машыны, ні лецішча. Новым прэзыдэнтам трэба было нажыцца самім”.

(Карэспандэнт: ) “Я так і не зразумеў, чым вы не ўпадабалі іншых кандыдатаў?”

(Аляксандар: ) “Ніводзін зь іх не сказаў, што Лукашэнка зрабіў нармальнае жыцьцё. Усё выступалі супраць яго”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у Малых Сяхновічах нейкія цяжкасьці? Што тут трэба выпраўляць?”

(Аляксандар: ) “Трэба, каб па калгасах парабілі дарогі. Бо дарогаў тут няма, адны яміны”.

Сканчэньне працоўнага дня і поўны воз гною спадарства вырашае замацаваць загадзя набытай бутэлькай чарнілаў. Пікнік ля фэрмы я назіраю з адлегласьці, вяртаючыся з кароўніка. Насустрач мне крочыць брыгадзірша. У думках я шкадую мужыкоў, якія пасьпяшаліся астаграміцца.

(Спадарыня: ) “Хто працуе — той жыве, а хто п’е — што зь яго ўзяць?”

(Карэспандэнт: ) “Цяжка мужыкамі камандаваць?”

(Спадарыня: ) “Цяжка, калі яны гэтую справу любяць”.

(Карэспандэнт: ) “Што вы робіце, каб яны вас слухаліся?”

(Спадарыня: ) “Дзе пужаю, а дзе па-добраму прашу. Магу сказаць, што пазбаўлю прэміі й напішу дакладную”.

(Карэспандэнт: ) “А чым можна напужаць мужыка так, каб ён кінуў піць і пачаў працаваць?”

(Спадарыня: ) “Нічым! Калі ў яго няма сілы волі, калі ён ня возьме сябе ў рукі, то нічым яго не запужаеш! Яму нават ня страшна тое, што дзеці галодныя ў хаце сядзяць. Ён напіўся, ногі адкінуў і ляжыць”.

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць процьма ўсялякіх мэтадаў, каб чалавек кінуў піць: кадаваньне, гіпноз. Можа, кіраўнік гаспадаркі дапамог закадавацца, каб яны не пілі?”

(Спадарыня: ) “Тут такія, хто выпівае, праз аднаго. Дзе ж старшыня ўсіх закадуе?”

На музэйным пакоі й адзіным у Беларусі помніку Тадэвушу Касьцюшку турыстычная прывабнасьць Малых Сяхновічаў заканчваецца. Ёсьць тут звыклая будзённасьць вёскі з традыцыйным наборам праблемаў, але такое можна быць цікава толькі для замежнікаў.

Насельнікі Малых Сяхновічаў перакананыя, што ад закрыцьця школу могуць выратаваць грошы. Яны прапануюць дзяржавам, з гісторыяй якіх зьвязана імя Тадэвуша Касьцюшкі, утварыць адмысловы фонд і падтрымліваць будынак з помнікам у належным стане.