“Пара амэрыканскіх джынсаў можа зрабіць у ідэйным раззбраеньні савецкай моладзі больш, чым пара амэрыканскіх дыпляматаў” (1986)

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага - 4 красавіка. Што пісалі беларускія газэты ў гэты дзень.
“Комуніст”, 1936 год:

“2 красавіка ў 14 гадзін дня ў Бабруйск прыбыла каманда работнікаў дзяржустаноў г.Кіева ў складзе 7 чалавек, якія робяць пераход пехатою ў супроцьгазах па маршруту Кіеў—Менск—Ленінград агульнай даўжынёй каля 1600 кілометраў. За 10 хадавых дзён каманда прайшла ўжо 626 кілометра, праводзячы ў калгасах на сваім шляху масавую работу па ўмацаванню абарончай работы. Цікава адзначыць, што разам з камандай у супроцьгазе ідзе сабака — нямецкая аўчарка “Джуры”. 3 красавіка каманда рушыла на Менск”.

“Звязда”, 1956 год. Сакратар парткаму Добрускай МТС Д.Неўскі:

“За 1955 год паступіла 1529 цыркуляраў — прыкладна па 130 у месяц. За два з паловай месяцы гэтага года МТС зноў атрымала 286 дырэктыў, у тым ліку ад Гомельскага абласнога ўпраўлення сельскай гаспадаркі 166. Папяровы паток настолькі вялікі, што кіраўніцтва МТС не паспяваюць нават прачытваць дырэктывы, не гаворачы ўжо аб іх ажыццяўленні”.

“Знамя юности”, 1986 год. Сакратар камітэту камсамолу Гарадзенскага ўнівэрсытэту Н.Цімашэнка:

“За “фірмовай” вопраткай, набыцьцём якой заходнія фірмы спрабуюць спакусіць савецкую моладзь, выразна відаць нястрымную рэкляму буржуазных ідэалаў… Вядомы “саветоляг” А.Адамс асьмельваецца сьцьвярджаць: “Пара амэрыканскіх джынсаў можа зрабіць у ідэйным раззбраеньні савецкай моладзі больш, чым пара амэрыканскіх дыпляматаў”. Камітэт камсамолу працуе над тлумачэньнем ідэалягічнай асновы такога “тавару”.