Што адбылося падчас разгону (фота)

Радыё Свабода, Менск Аляксандр Казулін напрыканцы мітынгу ў Купалаўскім скверы заклікаў людей пайсьці на вуліцу Акрэсьціна да спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка, дзе за кратамі адбываюць арышты сотні палітвязьняў. Калёна спачатку з 3 000 чалавек пайшла па вуліцы Купалы, а потым па Максіма Багдановіча. За некалькі мэтраў яна павялічылася ў некалькі разоў. Людзі выходзілі з крамаў, тралейбусаў і далучаліся да дэманстрантаў. Па рацыях журналісты пачулі, што апэрацыя пачнецца, як толькі калёна трапіць у бязьлюднае месца.
Пасьля таго, як дэманстранты перайшлі дарогу насупраць Тэатру музычнай камэдыі, пад мостам насупраць Маскоўскага райвыканкаму салдаты ў шлемах і са шчытамі пабудавалі некалькі ланцугоў. Наперадзе стаяў палкоўнік Зьміцер Паўлічэнка. Салдаты пайшлі на дэманстрантаў. Адлегласьць паміж вайскоўцамі і дэманстрантамі скарачалася. Аляксандр Казулін разам са сьвятарамі падышоў да палкоўніка Паўлічэнкі.

(АМОН б''е дручкамі па шчытох.)

(Казулін: ) "Ну вось вы бачыце, што адбываецца? Мірная дэманстрацыя..."

Адразу пасьля гэтага салдаты пайшлі ў атаку. Салдаты і спэцназаўцы зьбівалі кожнага, хто трапляў на шляху. Людзей кідалі на асфальт і зьбівалі нагамі і дубінкамі. Салдаты былі экіпаваныя ў бронекамізэлькі, шлемы, шчыткі на нагах. Раптам пачаліся выбухі.

Алеся Цішука некалькі салдатаў зьбівалі нагамі і дубінкамі. Яму разьбілі галаву. Калі празь некалькі хвілінаў пачалася другая атака, у часе якой салдаты хапалі людзей, якія ляжалі на дарозе і тых, хто быў наверсе ля плоту і кідалі іх у аўтобусы і аўтазакі. Спэцназаўцы схапілі Алеся, але жанчыны затулілі яго сваімі целамі. Алесю выклікалі “хуткую” і яго забралі ў шпіталь. Яшчэ некалькіх чалавек забралі “хуткія”. У аддзяленьнях экстрэннай хірургіі менскіх шпіталяў пакуль адмаўляюцца казаць, колькі чалавек знаходзяцца ў шпіталях і ў якім стане.

У гарадзкой міліцыі таксама не камэнтуюць, куды адвезьлі затрыманых удзельнікаў акцыі, сярод якіх і яе арганізатар Аляксандр Казулін.

* * * Жывы рэпартаж зь месца падзеяў:

16:15

(Карэспандэнтка: ) "Толькі што байцы пад камандаваньнем палкоўніка Дзьмітрыя Паўлічэнкі пайшлі ў атаку. Яны пачалі зьбіваць людзей. Яны б''юць іх дубінкамі, накідваюцца па 6 чалавек на аднаго, зьбіваюць дзяцей. Пачалі ўзрываць. Толькі што разьбілі чалавеку галаву ў мяне на вачах. Яны апранутыя ў чорнае, у іх адгазьнікі.

Яны пачалі выстрэльваць – я ня ведаю што гэта – вялізарны выбух, дым, зьбіваюць усіх, хто трапляе пад руку. (Гук выбуху.) Вы чуеце? Гэта нейкія гранаты. Спачатку яны страляюць, потым нешта сьвеціцца – дым страляніна. Шмат зьбітых. Вы чуеце гэта? Кроў... Палкоўнік Паўлічэнка камандуе гэтым разгонам, людзей загналі на гору – усё гэта адбываецца насупраць тэатра Апэрэты".

(Вядоўца: ) "Ці ёсьць там хтосьці зь лідэраў апазыцыі?"

(Карэспандэнтка: ) "Тут ёсьць Казулін, ён заклікаў людзей ісьці на Акрэсьціна. Ідзе дым, за дымавой завесай нічога не відаць. Магчыма, гэта нейкія дымавыя шашкі. Шмат зьбітых – людзі ляжаць удоўж дарогі, некаторыя зь іх у непрытомнасьці. Гэта выглядае вельмі страшна. Тут на мосьце электрычка – яна запаволіла хаду, усе людзі кінуліся да вокнаў, людзі крычалі: "Ня трэба, ня біце!" Білі страшна – мужчын, хлопцаў. Адну жанчыну двое вялізных мужчын схапілі за ногі, павалаклі, пачалі яе зьбіваць па нырках, пра жываце. (Крык: "З дарогі!") Вось вы чуеце, як яны кідаюцца на журналістаў. Зараз пачнецца другая частка гэтай апэрацыі. Людзі ў масках, у бронекамізэльках з газам – у яго вялізны балён чырвонага колеру, на ім нейкая абрэвіятура, што гэта нейкі газ небясьпечны, яны пачынаюць зрываць зь яго плёмбу.

Казулін пакуль што не арыштаваны – ён пайшоў размаўляць з Паўлічэнкам. Пасьля гэтага адразу пайшлі гэтыя ягоныя людзі. Зараз яны абкружылі тых, хто засталіся побач. Побач са мной – польскі журналіст, ён таксама зьбіты. (Скандаваньне: "Жыве Беларусь!") Вось вы чуеце – усё роўна, нягледзячы на тое, што такі жорсткі разгон, на тое, што тут былі такія выбухі – спачатку людзі думалі, што гэта баявыя гранаты – вы чуеце, што людзі ўсё роўна скандуюць "Жыве Беларусь!" – людзі вельмі абураныя такім брутальным зьбіцьцём. Тут яшчэ ёсьць такая хімічная рота, яны ў чорным, у іх адгазьнікі, нейкі балёны з газам – я ня ведаю, што гэта за газ, але вельмі шчыплюць вочы. Магчыма, гэта тая самая "чаромха".

Зьбітыя некалькі сьвятароў, якія ішлі разам з Казуліным на перамовы. Тут і Акаловіч, і яшчэ адзін сьвятар, яго таксама зьбілі. Адзін чалавек намагаўся ня даць прайсьці вайскоўцам, калі выбухнула граната – ён лёг на асфальт, на праежджую частку, і яго вельмі моцна зьбілі. Ён дагэтуль ляжыць без прытомнасьці, жанчыны намагаюцца выклікаць яму хуткую дапамогу, але як яна сюды прыедзе, калі тут усё ачэплена".

(Вядоўца: ) "Паводле ацэнак міліцыі, колькі людзей выйшла сёньня на вуліцы Менску пратэставаць?"

(Карэспандэнтка: ) "Калі мы ішлі, стаяла група дакумэнтаваньня на прыступках каля гандлёвага дому на Нямізе – яны казалі, што гэтая калёна, якая ішла – спачатку давалі 10 000 чалавек, але літаральна празь 15 хвілінаў людзі выходзілі з тралейбусаў, далучаліся да калёны, але калі яны прыйшлі сюды, калі іх тут сустрэў Паўлючэнка, іх ужо было каля 18 000 чалавек".