"Financial Times": ці адбудзецца джынсавая рэвалюцыя?

Кастусь Бандарук, Прага Газэта "Financial Times" зьмясьціла артыкул пад загалоўкам “Ці джынсавая рэвалюцыя здольная пазбавіць Эўропу тыраніі? З асноўным зьместам артыкулу вас пазнаёміць наш карэспандэнт.
"Ці ў 21-м стагодзьдзі ў Эўропе магчымая дыктатаура?" —задаецца пытаньнем аўтар артыкулу Робін Шэпхэрд. Паводле любых мерак прыстойнасьці і здаровага сэнсу такое пытаньне павінна быць альбо рытарычным, альбо выключна гіпатэтычным, каб не прыцягваць да сябе празьмернай ўвагі. Аднак 10 мільёнаў жыхароў Беларусі могуць пацьвердзіць, што гэта ня так. Нядзельныя выбары могуць прадэманстраваць, ці Беларусь зьмірылася з ацэнкай дзяржсакратара ЗША Кандаліза Райс, якая назвала краіну "апошняй дыктатурай Эўропы", або апошнія рэшткі тыраніі на кантынэнце нарэшце будуць ліквідаваныя.

Калі нехлямяжы і злавесны прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка дасягне сваёй мэты, накірунак разьвіцьця падзеяў будзе зразумелым. Ён ужо прыгразіў, што атрымае падчас выбараў ня меней 75% галасоў, а таксама зрабіў грознае папярэджаньне лідэру апазыцыі Аляксандру Мілінкевічу. Дэмакратычны кандыдат абяцаў вывесьці на вуліцы тысячы чалавек, калі выбары будуць сфальшаваныя, а ў гэтым не прыходзіцца сумнявацца, – гаворыцца ў газэце "Financial Times". Пэрспэктыва кровапраліцьця пасьля выбараў 19 сакавіка цалкам рэальная, лічыць журналіст газэты.

Для большасьці тых, хто глядзіць на падзеі з боку, відавочны тут намёк на аранжавую рэвалюцыю. На жаль, у адрозьненьне ад Украіны, у беларускай апазыцыі няма нават зачэпкі ў ключавых цэнтрах палітычнай ўлады. У парлямэнце няма ніводнага апазыцыйнага кандыдата. Суды поўнасьцю падпарадкаваныя рэжыму. Усе сродкі масавай інфармацыі кантралююцца дзяржавай. Прастора для народнай ўлады драматычна звузілася пасьля амаль поўнай ліквідацыі не-дзяржаўнага сэктара. І паколькі 80% народнай гаспадаркі застаююца ў рукох дзяржавы, у Беларусі няма нават “алігархаў-дысыдэнтаў”, такіх як Пятро Парашэнка і Юлія Цімашэнка на Ўкраіне, каб фінансаваць падпольную дзейнасьць – піша Робін Шэпхэрд у Financial Times.

Беларускія прадэмакратычныя актывісты засвоілі досьвед аранжавай рэвалюцыі, але зрабіў гэта і Аляксандар Лукашэнка. Аднак дэмакратычныя і антыдэмакратычныя сілы прыйшлі да супрацьлеглых высноваў. Застаецца толькі адзін вырашальны момант: Лукашэнка можа ўзаконіць свой рэжым выключна тады, калі ён атрымае дэмакратычны мандат. Права Ўсявышняга можа дзейнічаць дзе-небудзь ў ісламскім сьвеце. Праўда, камуністычная ідэалёгія па-ранейшаму няблага трымаецца ў Паўночнай Карэі, аднак у Эўропе няма іншага выйсьця, як дэмакратыя.

Якімі б складанымі не былі гэтыя выбары для Лукашэнкі, ён вымушаны іх правесьці. А гэта, у сваю чаргу, дае апазыцыі шанец аб’яднацца і стварае магчымасьць сьмяротнай пагрозы для самога існаваньня рэжыму, калі адчуваньне фальсыфікацыі выбараў будзе ўсеагульным. У гэтым асноўная слабасьць усіх новых аўтарытарных рэжымаў ў Эўропе, і Лукашэнка тут не выключэньне. Падчас выбараў дыктатары вымушаны лічыцца з дэмакратычнымі сіламі, якіх яны не разумеюць, і якіх не ў стане кантраляваць.

Незважаючы на грозныя заявы Крамля аб тым, каб Захад не ўмешваўся ў справы "братняй" Беларусі, надзвычай важна, каб Захад усё-ткі ўмяшаўся – піша Робін Шэпхэрд. Нават не таму, што наяўнасьць жорсткай дыктатуры на эўрапэйскім кантынэнце, гэта зьнявага для каштоўнасьцяў цывілізаванага сьвету, а таму, што стаўкай зьяўляецца аўтарытэт і рэпутацыя Захаду. Няма сэнсу гаварыць пра пабудову дэмакратыі на Блізкім Усходзе і ў Аўганістане, калі мы бяздапаможныя перад абліччам новай дыктатуры ў Эўропе.

У апошнія тыдні з Эўропы і ЗША прагучала шмат заяваў з асуджэньнем Лукашэнкі. Аднак прыйшоў час сфармуляваць усеагульны плян дзееньняў, уключна з буйнамаштабнымі эканамічнымі санкцыямі ў выпадку, калі Лукашэнка будзе і надалей ўжываць гвалт. Гэта апошняя бітва за дэмакратыю ў Эўропе і ігнараваць яе нам нельга – так заканчваецца артыкул Робіна Шэпхэрда ў газэце "Financial Times".