Сяргей Дубавец, Вільня Літаратурны працэс пасьля 1956 году
(Дубавец: ) “Калі сьмерць Сталіна ў 1953-м годзе стала канцом эпохі масавых рэпрэсіяў, дык Хрушчоўскі даклад на 20-м зьезьдзе КПСС адкрыў шлюзы для новай беларускай літаратуры. І хоць даклад быў сакрэтным, а адліга нядоўгай – усяго некалькі гадоў – гэтага хапіла, каб у літаратуру прыйшло новае пакаленьне з новым бачаньнем рэчаіснасьці. Без Хрушчоўскага дакладу адной толькі сьмерці Сталіна для гэтага было б недастаткова.
Рэч у тым, што з паўтысячы сяброў беларускай пісьменьніцкай супольнасьці ў канцы 1920-х гадоў расстрэлу і ссылкі пазьбеглі ўсяго два дзясяткі. Значыць, кадры літаратуры трэба было набіраць ледзьве не з нуля. Гэта па-першае. Па-другое, для маладых талентаў і для літаратуры ў цэлым у дэкарацыях сталінскай цэнзуры і хлусьлівых хваласьпеваў не было ані стымулу, ані творчае пэрспэктывы. Таму без Хрушчоўскага дакладу беларуская літаратура калі б і папоўнілася кадрамі, дык зусім не літаратараў, а прапагандыстаў-палітрукоў.
На думку пісьменьніка Валянціна Тараса, развальненьне ў літаратуры і культуры было самым галоўным вынікам таго дакладу”.
(Тарас: ) “Самае галоўнае – тое, што адбылося ў сьвядомасьці многіх пісьменьнікаў. Каб ня гэта, не напісаў бы Мележ сваіх “Людзей на балоце”. Наогул, вельмі многіх твораў не было б. Нават у Шамякіна, які стварыў ідылічную рэч “Глыбокая плынь” – казачку пра партызан, але і ў яго ёсьць некалькі рэчаў, дзе гэта адбілася. Нават тыя, хто заставаўся абсалютным прыхільнікам савецкай сыстэмы, у мазгах у іх адбылося нешта. І гэта, канечне, не магло не сказацца на творах. У гэтым сэнсе найвялікшая падзея 20-га стагодзьдзя для ўсяго Савецкага Саюзу і для нас таксама – гэта быў, канечне, 20-ты зьезд КПСС”.
(Дубавец: ) “Згаданыя Валянцінам Тарасам “Людзі на балоце” Івана Мележа сталі творам-візытоўкай дасягненьняў беларускай літаратуры ў пасьляваенную эпоху. Прычым гэта была візытоўка ўнівэрсальная, зразумелая і для партыйнага афіцыёзу, і для тых, хто існаваў на інтэлігенцкай кухні, для вясковых і гарадзкіх, сацыяльна ангажаваных і эстэтаў. Бадай, і дагэтуль “Людзі на балоце” застаюцца фасаднай кнігай усёй пасьлясталінскай беларускай літаратуры. За імі – дзясяткі выдатных аўтараў і сотні твораў, а найперш – жывы літаратурны працэс.
Вось што зьявілася ў беларускай літаратуры пасьля 20-га зьезду – працэс. Розныя жанры, тэмы, стылі, эмоцыі, крытыка, а таксама структура, плыні – тое, што на трыццаць гадоў было абясточана і выключана – жыцьцё.
Пры гэтым новы працэс мала нагадваў той, што быў гвалтам задушаны ў канцы 1920-х. Тады асноўнае гуртаваньне пісьменьнікаў адбывалася паводле прынцыпаў сацыяльнай ангажаванасьці альбо чыстага мастацтва. Кожны творца знаходзіў сабе аднадумцаў і адпаведную мэдыйную пляцоўку – газэту ці часопіс. У канцы 1950-х пачалося тое самае, але на іншых прынцыпах. Цяпер, дзякуючы адгароджанасьці ад шырокага сьвету, беларуская літаратура амаль выключна існавала ў рэчышчы літаратуры расейскай і разам са свабодай пераймала ад яе ейныя прынцыпы ды водападзелы. А асноўны водападзел у пасьляваеннай расейскай літаратуры пралягаў паміж так званымі “почвенниками” і “касмапалітамі”.
“Почвенников” называлі яшчэ славянафіламі, патрыётамі ці традыцыяналістамі. А “касмапалітаў” – заходнікамі, дэмакратамі, прагрэсістамі... Сёньня гэты водападзел у расейцаў зьведзены да “эўразійцаў” і “атлянтыстаў”. У нас, вядома, не было ані такіх глябальных замахаў ушыркі, ані такіх амаль што абразьлівых – як “нацыяналісты” і “касмапаліты” – углыбкі. Таму я буду называць іх тэрмінамі паліталёгіі – кансэрватары і лібэралы. У тэме сёньняшняй перадачы гэты акцэнт важны тым, што сапраўды сьведчыць пра зьяўленьне літаратурнага працэсу. Ня ўсе пішуць аднолькава, а кожны паводле сваёй творчай прыроды выбірае сабе адпаведнае асяродзьдзе.
Трэба мець на ўвазе ўмоўнасьць гэтых тэрмінаў. Па-першае, далёка ня ўсе літаратары ўвасабляюць сваёй творчасьцю і сваёй асобай нейкую плынь або групу. Па-другое, нашы беларускія традыцыяналісты часьцяком якраз гэтым сваім традыцыяналізмам апраўдвалі сваю неінтэграванасьць у сучасны літаратурны сьвет, а нават і простую неабазнанасьць у ім. А нашы “заходнікі” далучаліся да эўрапейскае і сусьветнае літаратуры праз Маскву, таму часьцяком бывалі дзьвюхмоўнымі альбо і наагул расейскамоўнымі пісьменьнікамі, больш інтэграванымі ў расейскія, чым у беларускія літаратурныя суполкі.
Валянцін Тарас у маім уяўленьні – гэта выразны лібэрал, чые літаратурныя блізіні трэба шукаць у творах Рэмарка, Хэмінгуэя ці Маркеса. Другі ўдзельнік сёньняшняй перадачы – празаік Уладзімер Дамашэвіч – уяўляецца мне выразным традыцыяналістам, кансэрватарам.
Бадай, да сярэдзіны 1990-х гадоў гэтыя дзьве плыні прысутнічалі ў літаратурным працэсе, як і належыць плыням – на розных мэдыйных пляцоўках. Памятаю, у 1980-я літаратар-пачатковец мог знайсьці сабе блізкае па духу кола рэдактараў альбо ў рэдакцыі часопіса “Маладосьць”, альбо ў “Нёмане”. У першым выпадку гэта быў Дамашэвіч, а ў другім Тарас. Пры зьяўленьні ПЭН-цэнтру лібэралы неяк больш згуртаваліся вакол яго, а кансэрватары – вакол СП.
Сёньня гэтыя стэрэатыпы ў значнай ступені перамяшаліся. Па-першае, Масква перастала быць для беларускага пісьменьніка брамай у шырокі літаратурны сьвет. Па-другое, у Беларусі ўсе літаратурныя пляцоўкі аказаліся ўцягнутымі ў палітычныя гульні. Да прыкладу, нельга сказаць, што ў новы праўладны СП пайшлі галоўным чынам лібэралы альбо кансэрватары. Эстэтычныя крытэры тут увогуле ні пры чым. Гэты канглямэрат фармуецца паводле прынцыпу ляяльнасьці да кіраўніка краіны і яго ідэалёгіі, на яўную шкоду беларускай культуры і мове, а гэта – першае і другое – непрыймальна ані для Тараса, ані для Дамашэвіча.
Словам, пераняты з расейскай літаратуры падзел на кансэрватараў і лібэралаў стаў у нас у Беларусі глебай для нараджэньня мноства талентаў і твораў. Зь цягам часу ніякай іншай структурай гэтая не замянілася. Верагодна, таму, што працавала плённа і ў цэлым адпавядала сусьветным прынцыпам арганізацыі літаратурнага працэсу. Раптам аказалася, што падобным чынам прыгожае пісьменства існуе ня толькі ў Расеі, а і дзе-небудзь у Францыі, дзе літаратурная крытыка – зусім як у нас – падзяляецца на ўнівэрсытэцкую (ці акадэмічную) і эсэістычную. Інакш кажучы, гэта быў унівэрсальны набытак. Набытак, які мы вельмі хутка страчваем сёньня. А гэта сьведчыць пра адно – у беларускай літаратуры зьнікаюць школы і зьнікае выбар, зьнікае пажыўнае асяродзьдзе для маладога творцы, які мог бы прыжыцца на пэўнай глебе. Замест гэтага яму зноў прапануецца выбар паміж палітычнай ляяльнасьцю і творчым нябытам.
Літаратурны працэс ствараюць розныя мэдыйныя пляцоўкі. Калі ж казаць пра сёньняшні дзень, дык мы апынуліся ў сытуацыі, калі нашы пляцоўкі роспачна змагаюцца за выжываньне і не падаюць прыкметаў разьвіцьця ў самастойныя эстэтычныя плыні.
* * *
Яны амаль раўналеткі, але сьвет іхны выглядае па-рознаму. Прынамсі, так было ў часы іхнае маладосьці. Гарадзкі і вясковы, чалавек сусьвету і прывязаны да зямлі традыцыяналіст. Розьніца выявілася ўжо ў тым, як яны ўспрынялі сьмерць Сталіна. Згадвае Ўладзімер Дамашэвіч”.
(Дамашэвіч: ) “У 1953 годзе я быў на пятым курсе. Мы ў пакоі пяць чалавек былі. І адзін наш студэнт, які рана прачынаўся, уключыў рэпрадуктар, паслухаў ціхенька, а потым кажа: хлопцы, Сталін памёр. І што вы думаеце? Мы ўсе ўпяцярых крычалі: “Ура!” Канечне, не на ўвесь голас, таму што жывем у інтэрнаце і побач сьцены, але мы крычалі: “Ура!” Мы ведалі, што нешта ўжо пачне зьмяняцца ў лепшы бок, што з жалезнай дыктатурай пакончана”.
(Дубавец: ) “Адрозьненьне кансэрватыўнай і лібэральнай сьвядомасьці ня толькі ў тым, што першыя не маглі разглядаць якога-небудзь Кафку ў якасьці літаратурнага ўзору для ўласнае творчасьці, але і ў тым, што яны цьвёрда трымаліся за нязьменныя каштоўнасьці традыцыйнай вясковай маралі, тады як другія, шукаючы адэкватнай і праўдзівай маралі, гатовыя былі зьмяняць свае погляды ледзьве не на процілеглыя, калі гэтыя процілеглыя падаваліся ім больш пераканаўчымі і справядлівымі”.
(Тарас: ) “Калі Сталін памёр, я быў студэнтам, я яшчэ такія прачулыя вершы напісаў, якія мне тыцкалі потым праз 40 гадоў. Той жа Чаргінец у “Советской Белоруссии” тыцкаў мне пад нос мае студэнцкія вершы, напісаныя на сьмерць Сталіна. Гэта альбо дурасьць, альбо неразуменьне, што чалавек жа – ня корч гнілы. Тым больш, як можна было пражыць цэлае жыцьцё і нічога не зразумець, нічога не асэнсаваць, застацца тым ідэалягічна зашораным юнаком, якім я быў? Я нават не магу сказаць “на жаль”. Я такім быў. А для мяне і для людзей майго пакаленьня галоўнае сёньня – якімі мы сталі, ад чаго мы адкараскаліся, адмовіліся, што мы адарвалі ад сябе як каросту.
І тут у мяне свой рахунак да сучасных маладых. Мы ня ведалі таго, што ведаюць яны. У нас не было такіх сродкаў інфармацыі. Мы жылі ў вакуўме. І таму гэта можна зразумець, гэта ў многім трагедыя. Некаторыя так і засталіся з гэтым. І многія вэтэраны ідуць з жыцьця з гэтым уяўленьнем аб сьвеце. Вось што страшна. І рахунак – да маладых, якія ведаюць усё ад бацькоў, ад дзядоў, ад вялікай літаратуры, якая прыйшла пасьля таго часу... Як можна, прачытаўшы Быкава і прачытаўшы Адамовіча, як можна сёньня купляцца на гэтую нажыву? Значыць, гэта абсалютны цынізм. Чаго не было ў нас. У нас чаго-чаго, а цынізму, разьліку, прыстасаванства абсалютна асэнсаванага – у нас гэтага не было. Мы былі падманутыя, але пра тое, што нас падманулі, мы ўсё ж такі даведаліся. І пачалі ад гэтага падману ўцякаць”.
(Дубавец: ) “Папрок Валянціна Тараса цяперашнім маладым, у якіх ён пазнае самога сябе, але таго, ідэалягічна зашоранага, схіляе да думкі, што гістарычны досьвед – ня вучыць. Можна жыць у адкрытай інфармацыйнай прасторы, але ня ўмець параўноўваць тое з гэтым, колішняе зь сёньняшнім, альбо не надаваць значэньня цяперашнім рэпрэсіям улады, альбо так уладкоўваць сваё жыцьцё, каб забясьпечыць сябе ад гэтых рэпрэсіяў. Пры тым, што інфармацыі быццам бы дастаткова, чалавек – не асацыюе і не суперажывае. Бо гэта культура павінна наводзіць эмацыйныя масты паміж той пасткай, у якую патрапілі продкі, і той ямай, куды коціцца ТВАЁ грамадзтва. Павінна, але не наводзіць. Зусім не таму, што яна ня здольная, а таму што яна якраз – недаступная. Пры дастатковай інфармацыйнай разьняволенасьці сёньня цалкам заняволеным аказалася поле эмацыйнае. Беларуская літаратура мае амаль тыя ж магчымасьці дачыняцца з публікай, як і ў часы Сталіна. Ці значыць гэта, што гісторыя паўтараецца, і празь нейкі час мы дачакаемся чагосьці накшталт новага антысталінскага дакладу?..
Дарэчы, як пазнаёміліся героі нашай перадачы з гэтым дакладам?
Кансэрватар Уладзімер Дамашэвіч робіць акцэнт на матэрыяльным – на сьмерці Сталіна, як знаку глябальнай зьмены эпох, а Хрушчоўскаму дакладу адводзіць дапаможную ролю”.
(Дамашэвіч: ) “Безумоўна, нават калі б Хрушчоў не рабіў свайго даклада, а проста Сталін памёр, воляй-няволяй усё ўжо неяк згладжвалася б, таму што народ быў даведзены да крайнасьці, да адчаю. І ўжо крамлёўскія савецкія кіраўнікі баяліся нейкага нават бунту. Ну а, безумоўна, гэтае пісьмо ўжо дало магчымасьць гаварыць уголас аб тым, аб чым мы думалі і аб чым гаварылі недзе там на кухнях”.
(Дубавец: ) “Для Валянціна Тараса даклад Хрушчова стаў рэвалюцыяй у самім сабе”.
(Тарас: ) “Мне сёньня нават і ня верыцца, што дзякуючы тагачаснаму рэдактару “Звязды” Пыжкову, а я тады працаваў у “Звяздзе”, я быў дапушчаны да чытаньня ўголас гэтага славутага даклада Хрушчова. Я быў беспартыйны і, дзякуй Богу, так і не ўступіў у партыю, але я быў камсамольцам, мне было 26 гадоў. Скажу шчыра, я быў любімчыкам у Пыжкова. Ён адчуваў нейкую сымпатыю да мяне, і мне сыходзіла з рук многае.
Дык вось, я памятаю, паклікалі мяне да Пыжкова за гадзіну прыкладна да гэтага закрытага партсходу. Ну і калі пачаўся сход, Пыжкоў мяне пасадзіў побач з сабой і сказаў: вы тут ніхто чытаць уголас ня ўмееце, а вось Валянцін у нас умее. Ну, потым мяне падмянялі, таму што гэта вялізны тэкст. І яшчэ быў такі момант, калі пайшлі самыя страшныя старонкі гэтага даклада – пра тое, як катавалі старых камуністаў, раптам Пыжкоў спыняе мяне і кажа: чаго ты крычыш, мы не глухія. А я крычаў. Я ўжо не чытаў – так гэта падступіла ўнутры мяне – што я крычаў гэты тэкст.
Яшчэ запомнілася, якія былі твары ў зьвяздоўцаў. На тварах на гэтых быў абсалютны жах. Ну і зразумела, чаму. Многія зь іх працавалі яшчэ ў даваеннай “Звяздзе”, у трыццатыя гады. Гэта былі людзі, якія пісалі артыкулы зь вялікім пералікам прозьвішчаў. І пасьля гэтых артыкулаў людзі ішлі... І яны спалохаліся. Перш за ўсё, спалохаліся за сябе. І потым, у іх у галаве не зьмяшчалася: як гэта на Сталіна гавораць такое? На Сталіна! І была абсалютная цішыня. І толькі жах на тварах. Жах, разгубленасьць і недаўменьне. Таму праз кароткі час, празь нейкія два гады, калі ўсё пачало вяртацца на колы свае, гэтыя людзі хадзілі шчасьлівыя, акрыленыя, яны вярнуліся ў той душэўны стан. Ім было некамфортна жыць бяз страху”.
(Дубавец: ) “Ілюстрацыяй прыходу новага пакаленьня, а магчыма і ўвогуле нараджэньня беларускай літаратуры могуць быць наступныя згадкі Ўладзімера Дамашэвіча”.
(Дамашэвіч: ) “Як я скончыў вучобу, дык пайшоў працаваць і ўжо быў рэдактарам. Вот чагосьці мне пападаліся першыя кнігі маладых аўтараў. Я рэдагаваў Быкава першую кнігу, Караткевіча, Сачанкі, Пташнікава, Адамчыка. Гэта ішла ўжо зьмена, якая была абуджаная вось гэтай вялікай падзеяй. Маладыя хлопцы ішлі, і яны ўжо гаварылі сьмела на ўвесь голас і пісалі тое, што ім здавалася варта ўвагі пісьменьніка. І пісалі пра тое, што раней было ня тое, што забаронена, а нават і падумаць пра гэта было немагчыма. І ўсе названыя мной пісьменьнікі выдавалі свае першыя кнігі у 58-м, 60-м, 61-м. Гэта быў нейкі такі ўзьлёт. Было такое ажыўленьне ў літаратуры. І яно працягвалася гадоў пяць, можа. І ня болей. А потым ужо сталі эпізоды вострыя, як казалі, антысавецкія, ужо сталі выкрэсьліваць. Калі рэдактар ня выкрасьліць, дык цэнзар выкрасьліць. Адным словам, усё так непрыкметна зноў вярталася... Гавары ты што хочаш, але ў прэсу гэтага не давай і будзе здавацца, што яно так і трэба”.
(Дубавец: ) “Новае пакаленьне маладых беларускіх літаратараў пасьля Хрушчоўскага дакладу атрымала добрыя ўмовы для свайго старту. Яны пачалі друкавацца ў атмасфэры свабоды. За тыя некалькі гадоў, пакуль сталінізм не ачомаўся і зноў не падняў галаву, яны пасьпелі заявіць свае творчыя крэда і стварыць за некалькі дзясяткаў гадоў вялікую літаратуру. Ня гледзячы нават на тое, што сытуацыя зьмянялася. народжаным у свабодзе шмат цяжэй было прымаць правілы турмы”.
(Дамашэвіч: ) “Быкава кнігі – першую і другую я рэдагаваў. Яны прайшлі даволі гладка. Нават выклікалі мяне і загадчыка рэдакцыі Татура ў рэдакцыю спэцыяльна, і цэнзар гаварыў з намі па гэтай кнізе. Уяўляеце? Гэта быў “Жураўліны крык”. І вось ужо цэнзар з намі гаворыць: ведаеце, я не магу канкрэтна прыдрацца да нейкага там месца ў аповесьці і апавяданьнях, але сам дух, сама накіраванасьць аўтара, яна такая, што, кажа, калі ён будзе і далей ісьці па гэтай дарожцы, у яго будуць вялікія цяжкасьці. Уяўляеце, ён як у ваду глядзеў. Быкаў пасьля ўвесь час чуў гэты прэс зьверху”.
(Дубавец: ) “Прычым, у апошнія гады, як мы ведаем, гэты прэс толькі ўзмацняўся. Адзіным паратункам для пісьменьніка стаў выезд за мяжу.
Пасьля антысталінскага дакладу Хрушчова беларускае радыё загаварыла лірычным голасам, а ў курылках пайшлі хадзіць анэкдоты. Недзе побач ЦК КПБ арганізоўваў разгром нацыяналістычных поглядаў літаратуразнаўцы Міхася Ларчанкі і шкоднай аповесьці Рамана Сабаленкі “Дабрасельцы”. Старое змагалася з новым, але ў цэлым ток у грамадзтве пайшоў, жыцьцё пачалося.
Сама сабою напрошваецца выснова, што без таго Хрушчоўскага дакладу і некалькіх гадоў адлігі мы ня мелі б сёньня ня толькі “Людзей на балоце”, але і ўвогуле літаратуры, пра якую б можна было казаць сур’ёзна як пра эстэтычную зьяву. Гэта быў бы беларускі варыянт паўночнакарэйскай сагі ў вершах і прозе, цалкам прысьвечанай толькі аднаму герою, які зрабіў беларусаў шчасьлівымі. Аднойчы і назаўжды”.