Ворша: горад, дзе калісьці былі тры турмы і адзін кінатэатар

Ягор Маёрчык, Ворша, Віцебшчына (эфір 6 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.
Зь вясной у Воршы пачалася адліга. Ходзяць па горадзе чальцы ініцыятыўных групаў і расклейваюць аб’явы. Зьмест наступны: прыходзьце на сустрэчу з кандыдатам такім і такім. Незвычайнае і даўно забытае ў гэтай сытуацыі літаральна ўсё: і кандыдаты ў Воршы, і непрыхаваны распаўсюд улётак, і тое, што дворнікі гэтых паперак не зрываюць, і тое, што міліцыянты актывістаў не затрымліваюць, а ў горшым выпадку правяраюць дакумэнты. Людзі прыгадваюць, што апошні раз такое было на выбарах 1991-га.

Ігар Казьмірчак — адзін з тых, хто расклейвае па Воршы ўлёткі. Ён уваходзіць у незарэгістраваную арганізацыю “Малады фронт”.

(Карэспандэнт: ) “Як Ворша пражыла пяць гадоў ад выбараў 2001 да 2006-га?”

(Казьмірчак: ) “Здарылася больш нэгатыву, чым пазытыву. Я збольшага тусуюся ў моладзевым асяродку. Апошнім часам моладзі няма куды падзецца. У нас ёсьць толькі дыскатэкі, і нічога болей. Мы спрабавалі правесьці рок-канцэрт. Аддзел ідэалёгіі думаў два дні, а ў выніку сказаў, што яны нам не патрэбныя. Маўляў, нашай моладзі ёсьць чым заняцца. Калі гарвыканкам ня можа нармалёва арганізаваць адпачынку моладзі, было б добра, каб за гэта ўзяўся БРСМ. Яны аднаго разу спрабавалі нешта такое арганізаваць. Яны вырашылі правесьці рок-канцэрт. Самі ў рок-музыцы нічога не разумеюць, зьвярнуліся на нашага фашыстоўскага гурту “Апраксія”. Тыя запрасілі маскоўскі гурт “Калаўрат”. У выніку атрымалася фашыстоўская тусоўка з бойкамі”.



(Карэспандэнт: ) “За гэтыя пяць гадоў у Воршы зьявіўся тэатар. Вы захапляецеся гэтым мастацтвам. Як сустрэлі такую зьмену ў жыцьці гораду?”

(Казьмірчак: ) “У Воршы зрабілі наступным чынам. Узялі неблагі самадзейны тэатар і перайначылі яго ў прафэсійны, але па сутнасьці ён застаўся самадзейным”.

(Карэспандэнт: ) “Што яны ставяць?”

(Казьмірчак: ) “Расейскамоўныя пастаноўкі. Пакуль я бачыў толькі адну. Пэрспэктывы асаблівай няма. У горадзе няма такіх сродкаў, каб будаваць памяшканьне, каб даць артыстам паўсотні ставак”.

У Воршы ёсьць прадстаўнікі ўсіх дэмакратычных плыняў. Нядаўнім часам жменька маладых людзей абвясьціла пра стварэньне новага атыфашысцкага зьвязу. Яны далучыліся да Рады моладзевых арганізацыяў Аршаншчыны, а тая, у сваю чаргу, дапамагае штабу Аляксандра Мілінкевіча. Пры мікрафоне лідэр антыфашыстаў Аляксандар Маланка:

(Маланка: ) “На дадзены момант у горадзе квітнее фашызм. Прыкладаў гэтаму хапае. У Воршы была суполка Расейскага нацыянальнага адзінства. Калі РНЕ пачалі перасьледаваць, яны перайшлі на нефармальную актыўнасьць. На дадзены момант колішнія прадстаўнікі гэтай арганізацыі лічацца самымі ідэйнымі і моцнымі прадстаўнікамі фашыстоўскага лягеру. Ёсьць яшчэ групка падлеткаў, якія пагалілі чарапы, апранулі падцяжкі й камуфляжныя штаны — для іх гэты толькі мода. Летась у Воршы быў вялікі ўздым гэтага руху — налічвалася болей за трыццаць чальцоў”.

(Карэспандэнт: ) “Што яны робяць? Якім чынам сябе праяўляюць?”

(Маланка: ) “Яны натоўпам нападаюць на безабаронных, у бойках выкарыстоўваюць арматуру. Былі яшчэ такія моманты, калі яны ў моладзі забіралі дарагія плэеры”.

(Карэспандэнт: ) “Вы нейкім чынам змагаецеся з прыхільнікамі фашыстоўскіх ідэяў?”

(Маланка: ) “Ад самага пачатку мы спрабавалі супрацьстаяць фізычна, але пакуль гэта не атрымліваецца, бо ў нас мала людзей. Пакуль мы нічога ня можам рабіць, апроч прапаганды. Мы расклейвалі ўлёткі “Ўвага! Па горадзе зноў ходзіць фашызм!”

(Карэспандэнт: ) “Як рэагавалі людзі?”

(Маланка: ) “Сярод народу гэта не ўспрымаецца як праблема. Народ пра гэта ня надта ведае”.

Дзейнасьці перадвыбарчых штабоў Сяргея Гайдукевіча і Аляксандра Лукашэнкі ў Воршы я не заўважыў.

Васіль Берасьнеў ачольвае ініцыятыўную групу Аляксандар Казуліна. Колішні старшыня гарадзкога савету дэпутатаў, а цяпер выкладчык і сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту падкрэсьлівае, што ў Воршы паміж камандамі двух кандыдатаў поўнае паразуменьне, яны нават дапамагалі адно аднаму зьбіраць подпісы. Спадар Берасьнеў жартуе, што каб абодва Аляксандры паходзілі з гэтых мясьцінаў, яны б ужо даўно дамовіліся, хто зь іх будзе альтэрнатывай спадару Лукашэнку ў выбарчай гонцы.

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць людзі, якія зьбіраюцца галасаваць за Аляксандра Лукашэнку, а ёсьць людзі, якія вагаюцца. Якімі аргумэнтамі вы будзеце карыстацца, каб пераканаць іх галасаваць за спадара Казуліна?”

(Берасьнеў: ) “Трэба аспрэчыць, што ў нас адзіны і непаўторны правадыр беларускага народу. Іх трэба пераканаць, што кардынальна ў горшы бок нічога ня зьменіцца. У нас ёсьць мікрараёны, у якіх людзі практычна не працуюць штодня. Там людзі на сабе вывучылі беларускую мадэль. Іх будзе вельмі лёгка пераканаць, і яны ўжо пераконваюцца. Яны кажуць: калі гэты разумны прафэсар пакажа нам шлях разьвіцьця, мы ахвотна аддамо яму свае галасы”.

(Карэспандэнт: ) “Ваш прагноз: хто колькі галасоў атрымае?”

(Берасьнеў: ) “Большай частцы аршанцаў надакучыла сытуацыя, якая склалася ў Беларусі. Больш за 60% павінны падтрымаць новых людзей”.

А вось у Алеся Шутава, сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, свая арытмэтыка. Паралельна са зборам подпісаў ягоныя калегі праводзілі апытаньне, за каго людзі будуць прагаласаваць. Атрыманыя лічбы даюць спадару Шутаву глебу для разважаньняў.

(Шутаў: ) “Цьвёрдымі прыхільнікамі Лукашэнкі зьяўляюцца блізу 30% гараджанаў. 47% не сказалі, прыхільнікамі каго яны зьяўляюцца. Прыхільнікі Лукашэнкі не хаваюць сваіх поглядаў. Таму з гэтых 47% вялікая частка пратэстнага электарату. Ну, і недзе 12% заявілі, што зьяўляюцца перакананымі прыхільнікамі дэмакратычнай апазыцыі”.



(Карэспандэнт: ) “Як праходзіць выбарчая кампанія?”

(Шутаў: ) “У параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі, дык і няблага. У нас за Мілінкевіча сабрана болей за 6,5 тысяч подпісаў. У працэнтах гэты паказьнік вышэйшы, чым у Менску. Такая лічба тлумачыцца тым, што ў Воршы даволі высокі ровень таго, што мы называем пратэстным электаратам, высокі ровень тых, хто не задаволены сваім жыцьцём”.

(Карэспандэнт: ) “Пяць гадоў мінула ад першай праграмы “Палітычная геаграфія”. Як пражыў горад?”

(Шутаў: ) “Горад адназначна зьмяніўся да лепшага. Вонкава ён стаў больш прыгожы, больш чысты. Адрамантавана шмат дамоў у цэнтры гораду, узьведзеныя новыя будынкі мэдычных установаў — гэта тое, чым аршанцам сёньня можна ганарыцца. Усё гэта мясцовыя ўлады запісваюць у свае дасягненьні, апраўдваючы неабходнасьць свайго існаваньня А вось з праблемамі сытуацыя выглядае горш. Тыя праблемы, што былі пяць гадоў таму, у такім жа стане і сёньня. Гэта па-ранейшаму горад з самым малым у Віцебскай вобласьці сярэднім заробкам, з высокім роўнем беспрацоўя, з высокім роўнем злачыннасьці. На гэтых праблемах ніякага вырашэньня не відаць”.

Наступным у гэтай праграме будзе гучаць афіцыйны прадстаўнік. Але перадусім — маленькая даведка. Ворша — самы буйны з раённых цэнтраў Віцебшчыны. Тут жыве 130 тысяч чалавек. Апроч чыгуначнага дэпо, ёсьць некалькі прамысловых прадпрыемстваў. Галоўнае зь іх — ільнокамбінат. Галоўнае, бо некалі ягоныя сплаты складалі 60% бюджэту гораду. Аднак сёньня льнокамбінат перажывае ня самыя сьветлыя дні. За парушэньні правоў чалавека Эўразьвяз увёў супраць краіны гандлёвыя санкцыі, а менавіта — пазбавіў падатковых прывілеяў у гандлі. Кошты на беларускі лён адразу падвысіліся, і пакупнікам стала таньней набываць кітайскі. Вялікая палітыка вылілася ў малыя заробкі — некаторыя працоўныя атрымліваюць меней за 100 даляраў.

Зрэшты, кіраўнік аддзелу ідэалёгіі гарвыканкаму Леанід Фурс пераконвае, што ня ўсё так безнадзейна.

(Фурс: ) “Ёсьць пэўныя праблемы. Міжнародны рынак вельмі насычаны таннай кітайскай сыравінай. Наш ільнокамбінат шукае магчымасьці вырашыць гэтыя пытаньні. Апошнім часам тут адбываюцца зрухі: ёсьць замовы і прадукцыя прадаецца”.

Чым сапраўды можна ганарыцца Ворша, дык гэта археалягічным адкрыцьцём апошніх гадоў. Гісторыкі дасьледавалі Куцеінскую лаўру і пад ёй знайшлі пячорную царкву Сьвятога Лазара, якая раней была вядомая толькі паводле апісаньняў. Глыбокі тунэль заканчваецца алтаром, побач знаходзяцца маленькія пакойчыкі. Другі лаз вядзе на бераг Дняпра. Дасьледчыкі мяркуюць, што зроблены ён быў для таго, каб у любы момант можна было пакінуць царкву, не выбіраючыся на паверхню.

Пра Воршу архітэктурную — намесьнік старшыні фонду аховы помнікаў Віктар Лютынскі:

(Лютынскі: ) “У нас у сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў уключана сямнаццаць будынкаў. Апошнімі гадамі шмат зроблена ў сэнсе рэстаўрацыі і кансэрвацыі. Адрэстаўраваны будынак кляштару трынітараў у цэнтры гораду, будынак колішняга кляштару бэрнардынаў. Галоўная нашая праблема — гэта будынак Куцеінскай лаўры. Савет міністраў заплянаваў адрэстаўраваць яе ў 2007—2010 гадах”.



(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што там была адкрытая адзіная ў Беларусі падзямельная царква. Што яна зь сябе ўяўляе? Якая яе пэрспэктыва?”

(Лютынскі: ) “Яе трэба дасьледаваць і аднавіць, каб яна стала турыстычным і духоўным аб’ектам”.

(Карэспандэнт: ) “Які стан падзямельнай часткі цяпер?”

(Лютынскі: ) “Калі рабіліся раскопы, над імі быў пабудаваны шыфэрны дах. Але ўвесь гэты шыфэр расьцягнулі. Прыйшлося гэтыя падмуркі засыпаць зямлёй. На тым месцы цяпер расьце траўка”.

Вернемся да тэму прэзыдэнцкіх выбараў. Датэрміновае галасаваньне пачнецца за пяць дзён да асноўнай даты. Чальцы ініцыятыўных групаў незалежных кандыдатаў прагназуюць, што ўладная вэртыкаль будзе рабіць розныя хітрыкі, каб выбарцы апынуліся ля скрыняў раней за 19 сакавіка.

Некаторыя суразмоўцы прыгадваюць апошнія прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне. Тады ў праваслаўных цэрквах Воршы нават ладзілі набажэнствы “за перамогу раба Божага Віктара Януковіча”. А яшчэ раней на дзядзінцах у вернікаў зьбіралі подпісы супраць узьвядзеньня ў горадзе другога касьцёлу. Каталіцкай бажніцы так і не пабудавалі.

З праваслаўнай (паводле хрышчэньня) Яўгеніяй Казловай мы сустрэліся ля касьцёлу сьвятога Язэпа. Перад пачаткамі размовы яна падышла да крыжа, на імгненьне ўкленчыла і перажагналася. Толькі пасьля гэтага мы пачалі нашую размову.

(Карэспандэнт: ) “Ці вялікая грамада ходзіць у касьцёл?”

(Казлова: ) “У сьвяты бывае пад трыста чалавек — гэта на рымска-каталіцкай службе. А грэка-каталіцкая царква ў нас толькі адраджаецца”.

(Карэспандэнт: ) “У вам тут ёсьць афіцыйна зарэгістраваная суполка?”

(Казлова: ) “Мы сабралі ўсе дакумэнты і неабходную колькасьць подпісаў. Хочам выкарыстаць момант, пакуль ідуць гэтыя выбары-шмыбары. Я спадзяюся, што нас зарэгіструюць, хоць цяперашняя ўлада нас і ня любіць. А ў нас тут асяродак беларушчыны, на нашых набажэнствах расейскага слова не вымаўляецца”.



(Карэспандэнт: ) “Уніятаў у Воршы шмат?”

(Казлова: ) “На сьвяткаваньні Божага нараджэньня было 25 чалавек. А пачыналі мы некалі з трох чалавек”.

Горад, у якім тры турмы і адзін кінатэатар, — так называлі Воршу раней. Адну вязьніцу зачынілі, а да кінатэатру дадаўся тэатар, адрэстаўраваныя гістарычныя будынкі і адзіная ў Беларусі падзямельная царква.