Дробны бізнэс трансфармуюць?

Радыё Свабода У Беларусі рыхтуецца новы закон аб прадпрымальніцтве, які прадугледжвае трансфармацыю дробнага бізнэсу ў сярэдні. Улады заяўляюць, што гэтая ініцыятыва выклікана неабходнасьцю разьвіцьця цывілізаванага прадпрымальніцтва. Дробныя бізнэсоўцы мяркуюць, што наступствам заканадаўчых зьменаў будзе банкруцтва значнай часткі індывідуальных прадпрымальнікаў і ўсталяваньне дзяржаўнага кантролю над астатнімі бізнэсоўцамі.
Праект новага закону аб прадпрымальніцкай дзейнасьці абмяркоўваецца ў структурах улады, паведаміў дырэктар дэпартамэнту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Аляксандар Ліхачэўскі:

(Ліхачэўскі: ) “Цяпер вядзецца праца для дапрацоўкі праекту закону аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь. У двух словах канцэптуальна: закон вызначае суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва — мікраарганізацыі, малыя прадпрыемствы і суб’екты сярэдняга прадпрымальніцтва”.

Намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур заявіў:

(Тур: ) “Дзяржава зацікаўлена ў тым, каб былі юрыдычныя асобы”.

Такая зацікаўленасьць дзяржавы непакоіць індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны лічаць, што праект новага закону скіраваны на банкруцтва суб’ектаў гэта сэктару прадпрымальніцтва, паколькі ўлады зьбіраюцца стымуляваць разьвіцьцё сярэдняга бізнэсу. Гаворыць старшыня каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Менску Аляксандар Макаеў:

(Макаеў: ) “Сярэдняе прадпрымальніцтва — гэта дадатковыя пункты ў людзей, дадатковыя справаздачы ў бухгальтарскім пляне. Калі дзяржава бачыць апірышча ў сярэднім бізнэсе, то будзе зьліквідаваны вялікі сэгмэнт рынку — гэтыя маленькія прадпрымальнікі. Асабліва ў рэгіёнах, гэта вялікая праблема”.

Насамрэч, у рэгіёнах яшчэ больш адмоўна ставяцца да ініцыятывы ўладаў. Вось што мяркуе на гэты конт лідэр індывідуальных прадпрымальнікаў Слуцку Сафія Міцяшова:

(Міцяшова: ) “Добра, яны падумалі пра сярэдні бізнэс. Яны заўсёды пра гэта кажуць. А што яны будуць рабіць з тымі людзьмі, якія застануцца, у якіх гандлёвае месца — два мэтры? Трэба было б спытацца ў іх, калі ў нас на адно працоўнае месца прэтэндуе сем чалавек. Куды яны падзенуцца? Яны нічога так і ня робяць для гэтых людзей”.