Гарадзеншчына: узмацняецца ціск на актывістаў Мілінкевіча

Радыё Свабода Некаторых зборшчыкаў подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча абвінавачваюць у тым, што яны падманам атрымалі подпісы выбаршчыкаў. У пракуратуру выклікалі сябраў ініцыятыўных групаў у Ашмяне і ў Астраўцы, а ў Зэльве “за парушэньне выбарчага заканадаўства” суд на 145 тысяч рублёў аштрафаваў Германа Радыгіна, які зьбіраў подпісы за Мілінкевіча.
Я пацікавіўся ў зэльвенскай судзьдзі Натальлі Сьцяпанавай: якое было парушэньне выбарчага заканадаўства, за якое яна пакарала штрафам Германа Радыгіна?

(Сьцяпанава: ) “Я вынесла сваё рашэньне, копія рашэньня ўручана яму ў рукі ў той жа дзень пасьля разгляду. Таму, прабачце, ніякіх камэнтароў я даваць ня буду”.

На жаль, з самім аштрафаваным зьвязацца не ўдалося, але я паразмаўляў з кіраўніцай ініцыятыўнай групы Мілінкевіча ў Зэльве Алай Панасік. Кагосьці з выбаршчыкаў схілілі сказаць, што яны нібыта думалі, што спадар Радыгін зьбірае подпісы за Аляксандра Лукашэнку, а сам працаваў на Мілінкевіча. Спадарыня Панасік зазначае: на падпісных аркушах было ясна ўказана, што гаворка ідзе менавіта пра Аляксандра Мілінкевіча.

Зрэшты, гэтае абвінавачаньне на Гарадзеншчыне, можна сказаць, стала стандартным. У Астраўцы сёньня да намесьніка пракурора Мартынчыка была выклікана Ніна Вішнеўская, якая адначасова зьбірала подпісы за Мілінкевіча і Казуліна.

(Вішнеўская: ) “Яны сказалі, што мы нібыта гаварылі, што за Лукашэнку зьбіраем, а самі крадком зьбіралі подпісы за Казуліна, і што мы сфабрыкавалі ўсе подпісы за Мілінкевіча”.

Таксама ў Астраўцы Мікалай Уласевіч падаў у суд скаргу на дзеяньні раённай выбарчай камісіі, што прызнала несапраўднымі подпісы за Мілінкевіча. Аднак распачаць справу супраць камісіі раённы суд адмовіўся, тады спадар Уласевіч напісаў скаргу ў Гарадзенскі абласны суд.

У Ашмяне гэтымі днямі выклікаюць сябраў ініцыятыўнай групы Мілінкевіча ў пракуратуру, спрабуюць давесьці, што яны падманам зьбіралі подпісы. Паводле кіраўніка групы Пятра Явідовіча, на ягоных калегаў працягваюць аказваць ціск, не зважаючы, што Аляксандар Мілінкевіч ужо распачаў сваю агітацыйную выбарчую кампанію.