На месца дарожнай аварыі ва Ўкраіне выехаў консул Беларусі

Радыё Свабода Як паведамляе агенцтва Укрінформ са спасылкай на БЕЛТА, консул Рэспублікі Беларусь ва Ўкраіне выехаў на месца дарожна-транспартнага здарэньня ў Рыўненскай вобласьці для высьвятленьня абставінаў аварыі і ідэнтыфікацыі целаў ахвяраў.
Як паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі, 20 лютага ў 23.50 каля гораду Кастопаль Рыўненскай вобласьці сталася дарожна-транспартнае здарэньне з удзелам транспартнага сродку зь беларускімі нумарамі. У мікрааўтобусе знаходзіліся 9 чалавек, уключна з кіроўцам. Паводле папярэдніх зьвестак, усе яны зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі.

У выніку аварыі загінулі 4 чалавекі, яшчэ 4 былі ў цяжкім стане перавезеныя ў раённы гарадзкі шпіталь Кастопаля.