Уладзімер Арлоў, Менск Эфір - 17-га лютага
Праязджаючы каля менскага цырку, я почасту спрабую зьдзейсьніць невялікае падарожжа ў часе. Паўтара зь лішнім стагодзьдзя таму якраз тут, у менскім прадмесьці, стаяў дамок, дзе жыў службовец крымінальнае палаты, а затым перакладчык пры каталіцкай духоўнай кансысторыі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Я спрабую ўявіць, як, гуляючы адвячоркамі па-над Сьвіслачу і раз-пораз спыняючыся, каб нешта занатаваць, малады чыноўнік пачынаў свой шлях да славы клясыка новай беларускай літаратуры.
Праз дваццаць гадоў, у лютым 1852-га, ён прыедзе ў Менск з маёнтку Люцынка, каб выйсьці на сцэну ў ролі Навума Прыгаворкі ў сваёй славутай “Сялянцы” (“Ідыліі”), музыку да якой напіша Станіслаў Манюшка.
У тым самым 1852 годзе дзейнасьць створанага Дуніным-Марцінкевічам беларускага тэатру (як і сама “Сялянка”) будзе забароненая і трупа пачне ладзіць паказы нелегальна. Стасункі пісьменьніка з каляніяльнымі расейскімі ўладамі і надалей будуць, далікатна кажучы, складанымі.
Сьледчыя ня змогуць давесьці ўдзел Дуніна-Марцінкевіча ў паўстаньні 1863 году, але яму прыпішуць аўтарства антыўрадавых адозваў. Пісьменьніка на 13 месяцаў кінуць у менскі астрог, потым на доўгія гады ён апынецца ў Люцынцы пад паліцэйскім наглядам. Дачка Каміла за ўдзел у патрыятычных маніфэстацыях будзе ў гэты час адбываць высылку ў Салікамску.
Але “дудар беларускі” ня быў зламаны і здолеў захаваць сваё бліскучае пачуцьцё гумару. Адразу пасьля вяртаньня з турмы ён распачаў працу над знакамітым фарсам-вадэвілем “Пінская шляхта”. Пад час візытаў паліцыі рукапіс хавалі, а шчодра прычаставаны прыстаў пісаў пра паднагляднага ў рапарце: “Паводзін добрых, спосабу жыцьця скрытнага”.
Шмат якія творы “дудара” чакалі сустрэчы з чытачамі і тэатральнымі гледачамі не адно дзесяцігодзьдзе. Вершаваная аповесьць “Халімон на каранацыі” была, да прыкладу, надрукаваная амаль праз сто гадоў пасьля напісаньня. Пастаўленая Мікалаем Пінігіным “Ідылія” сталася, на маю дылетанцкую думку, адным з найлепшых спэктакляў Купалаўскага тэатру на парозе XXI стагодзьдзя. Мару аб тым, што ў адзін цудоўны дзень Пінігін натхніцца “Пінскай шляхтай”. Вось толькі ці ня ўбачаць тут крамолы якія-небудзь кручковы зь мінкульту?