Сяргей Дубавец, Вільня Праз 20 гадоў пра Чарнобыльскую катастрофу мы пачынаем забываць, так і не даведаўшыся пра яе галоўнага.
26 красавіка 1986 году на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбыўся цеплавы выбух, які літаральна разваліў рэактар і сарваў зь яго накрыўку вагою дзьве тысячы тон, а зьмесьціва рэактара вырвалася ў атмасфэру. Выглядала гэта фантасмагарычна. Дзесяць дзён над станцыяй стаяў слуп агню і дыму аж пад самае неба. Цырконій, ніобій, малібдэн, рутэній, тэлюр, ёд, барый, лянтан, цэрый, цэзій, нэптуній, плютоній, амэрыцый, кюрый... Быццам уся табліца Мендзелеева, якой належала быць навуковай абстракцыяй з падручніка хіміі, раптам матэрыялізавалася і рушыла вайною ў наша будзённае жыцьцё.
Словы “цеплавы выбух” уводзілі нас, тагачасных супрацоўнікаў газэты “Гомельская праўда”, у зман. Пра аварыю мы даведаліся ў той самы дзень, але, як сказала намесьніца рэдактара, нічога страшнага там не адбылося – “цеплавы выбух”. “Цеплавы” і сапраўды гучала нястрашна ў параўнаньні з “атамны” або “ядзерны”. “Цеплавы” – усё адно як здарэньне ў качагарцы, быццам выбухнуў нейкі абагравальны кацёл і распляскалася вада. Колькасьць ахвяраў, а загінулі там, як сказала намесьніца, 2 чалавекі, таксама пераконвала ў лякальнасьці аварыі. Пра тое, што ў гэты час адбываецца эвакуацыя 45-тысячнага горада Прыпяць, мы ня ведалі. Нам, журналістам, належала рыхтавацца да асьвятленьня першамайскай дэманстрацыі. І толькі на другі дзень пасьля яе гомельцам загадалі не адчыняць форткі, не сушыць бялізну ў дварах і па магчымасьці не выпускаць на вуліцу малых дзяцей.
З тых часоў другаснае ў гісторыі Чарнобыльскай катастрофы заўсёды ішло паперадзе галоўнага, простая лёгіка спрэс ператваралася ў інвэрсію.
Галоўнымі прычынамі аварыі прызналі хібы канструкцыі і памылкі апэратараў, якія не ўтаймавалі мірны атам. У выніку магутнасьць рэактара сарвалася з кантролю і пачала расьці з катастрафічнай хуткасьцю. Хірасіма, скаваная ў бэтонных сьценах, разьдзерла свае аковы і вырвалася вонкі. Раскаленыя абломкі бэтону і графіту выляталі ў неба праз расколіну ў даху будынка, а з актыўнай зоны рэактара проста ў навакольнае асяродзьдзе шырокім патокам ішоў шчыльны струмень радыёнуклідаў.
Першай трывогу забіла Швэцыя. Хоць адчула на сабе Чарнобыль уся Эўропа, а малыя дозы палескай радыяцыі былі зафіксаваныя ў Японіі і ЗША.
А калі б Швэцыя не азвалася? Кажуць, ядзерныя выбухі бывалі на Палесьсі і раней. Да пракладу, вядома пра эвакуацыю з такой самай нагоды ў 1960-я гады вёсак Століншчыны. Але то былі вайсковыя выпрабаваньні. Значыць, калі б ня Швэцыя, мы і пра Чарнобыль маглі б нічога ня ведаць да сёньня.
Гэта мая першая інвэрсія: насамрэч, нічога галоўнага, сутнаснага і жыцьцёва важнага мы пра яго і ня ведаем.
У Беларусі ад Чарнобыльскай катастрофы пацярпелі амаль чвэрць тэрыторыі і пятая частка насельніцтва. Менавіта ў нас асела 70% радыяцыйнае хмары. Колькасьць хворых на рак шчытападобнай залозы дзяцей пасьля аварыі павялічылася ў 50 разоў. У краіне ў 3 разы ўзрасла дзіцячая сьмяротнасьць. Пачынаючы з 1994 году колькасьць насельніцтва Беларусі штогод стабільна скарачаецца на 20-40 тысяч чалавек. У 2001-м годзе краіна перайшла рубеж 10 млн. чалавек у кірунку зьмяншэньня.
Тая літаратура, што выдадзеная пра Чарнобыль у Беларусі і сьвеце – тыя эмацыйныя і статыстычныя публікацыі ў цэлым ствараюць уражаньне, што сёньня, праз дваццаць гадоў пасьля катастрофы, мы ведаем пра яе ўсё. Нічога новага быццам і ня скажаш. Фотамастак і этнограф Дзяніс Раманюк, які часьцяком бывае ў Чарнобыльскай зоне, аспрэчвае такую думку.
(Раманюк: ) "Чарнобыль заўжды будзе новы. Бо ён будзе зьмяняцца штодня, штогод, штодзесяцігодзьдзе, і так да бясконцасьці. На невялікай тэрыторыі адбываецца велізарны экспэрымэнт, проста нерэальны для нашага часу. У тым і цікавасьць Зоны, што яна будзе ўвесь час новая. Тое, што туды не трапляе чалавек, тое, што там прыродзе дадзеная магчымасьць разьвівацца паводле сваіх законаў – гэта ўнікальна".
(Дубавец: ) "Унікальнасьць гучыць як набытак. Ці можна сказаць, што пасьля Чарнобыля разам са стратамі Беларусь атрымала і нейкі пазытыў – адраджэньне прыроды, напрыклад?"
(Раманюк: ) "Але якім коштам... Сапраўды, там адбываецца адраджэньне прыроды. Яна праглынула гэтыя адселеныя вёскі. Прырода значна хутчэй, чым чалавек, за нейкія 20 гадоў вярнула сабе ўсё, што чалавек стагодзьдзямі ў яе адваёўваў. І вось калі зараз туды, у Зону, езьдзіш, усё гэта бачыш. Гэтых зьвяроў, якія не баяцца чалавека. Ты можаш ехаць па дарозе і побач будзе стаяць лось. Паміж намі звычайна адбываецца нямы дыялёг вачыма. Я пачынаю даставаць фотаапарат, выходжу з машыны, вельмі часта ён дае мне магчымасьць яго сфатаграфаваць. І толькі пасьля маіх нейкіх неасьцярожных рухаў ён можа зьбегчы.
Я назіраў, як кабаны, цэлыя статкі, гулялі па старых садах закінутых вёсак і елі ападкі. Яблыкі, якія ўжо не зьбірае чалавек, зьбіраюць кабаны. І можна было, калі ціхенька, вельмі блізка апынуцца побач зь імі, настолькі блізка, што проста чуваць гэтае іхняе чаўканьне і чуць, як глеба пад табой варушыцца ад іх масы.
Гэта пазытыўны момант для прыроды, а не для чалавека".
(Дубавец: ) "Але ёсьць такія рэчы, як аб’ектыўная хада гісторыі, уласьцівасьць чалавека забываць беды і трагедыі, адбываецца зьмена пакаленьняў... Пройдзе яшчэ 20 гадоў, яшчэ 40 гадоў, яшчэ 60 гадоў. Трагізм чарнобыльскай катастрофы адыдзе ў гісторыю і ня будзе выклікаць жывых пачуцьцяў. Тым часам вось гэты кавалак дзікай прыроды без чалавека стане для Беларусі надзвычайнай каштоўнасьцю. Ці можа такое быць?"
(Раманюк: ) “Так, можа быць. Я скажу нават, што ўжо сёньня мы забыліся пра Чарнобыль. Аб’ектыўна. У сьвеце наогул пра яго мала хто памятае. Можна паглядзець на сёньняшняе пакаленьне, якое гэта ўспрымае як нешта абстрактнае, як вайну з Напалеонам. І таму праз 40 гадоў гэта ўсё сапраўды стане адметнасьцю Беларусі”.
(Дубавец: ) "Мы пачынаем забываць Чарнобыль пры тым, што ўвесь аб’ём рэальных стратаў ад яго так і не прызнаны. Тое, што дзеці гінуць ад лейкеміі сёньня, праз 20 гадоў, гэты быццам адно, а газіфікацыя Брагіна, дзе нельга жыць і дзе па вуліцах гуляюць цяжарныя жанчыны з пачкамі хойніцкага марозіва ў руцэ, – гэта быццам нешта зусім іншае. З аднаго боку, мы нібыта разьвіталіся з гэтым сваім мінулым, а зь іншага, побач з намі адбываюцца сапраўдныя чалавечыя трагедыі, гэтым мінулым народжаныя..."
(Раманюк: ) “Так. Гэта зноў жа – адна з частак экспэрымэнту. Над намі, у тым ліку. Бо ёсьць тэрыторыі, якія не за дротам, але якія маюць павышаны радыяцыйны фон, дзе па сёньняшні дзень жывуць тысячы беларусаў. І яны атрымліваюць гэтую малую дозу. І мы ня ведаем, што будзе. Хварэюць дзеці на лейкемію, на рак шчытападобнай залозы. Меркаваньні навукоўцаў разыходзяцца. Адны кажуць, гэта адназначна радыяцыя, іншыя – не, гэта проста агульнасусьветныя наступствы экалягічнага забруджаньня...”
(Дубавец: ) "Падаб’ем рахунак. Якія страты прынесла нашай краіне Чарнобыльская катастрофа?"
(Раманюк: ) “Матэрыяльныя страты пералічаныя ў шматлікіх дакладах і справаздачах. Гэта лічбы. Але гэтыя вельмі вялікія лічбы, яны заўжды ня маюць за сабой нейкага рэальнага зьместу. І мы з-за іх памеру не адчуваем сапраўдных стратаў. Але я лічу, страты ня ў тых матэрыяльных, а менавіта ў маральных і псыхалягічных аспэктах. Тое, што Беларусь згубіла амаль чвэрць сваёй тэрыторыі. Гэта ня толькі тэрыторыя, гэта і народныя традыцыі, культура, быт тых людзей, якія жылі там. А мы ўсе ведаем, што якраз гэтая частка Палесься была самай самабытнай...”
Што страціла наша краіна ў выніку Чарнобыльскай катастрофы? Пытаньне, якое я паставіў Дзянісу Раманюку, людзям на менскай вуліцы задаваў Зьміцер Бартосік.
(Бартосік: ) “Што страціла наша краіна ў выніку Чарнобыльскай аварыі?
"Здароўе нацыі. І многа зямлі яшчэ. Чаму будуюцца такія вялікія анкалягічныя цэнтры? Для дзяцей асабліва. Я сам жыву ў такім доме, дзе жыве шмат чарнобыльцаў. І вельмі многа хворых дзяцей. Анкалягічныя захворваньні. Што было справакавана высокім узроўнем радыяцыі".
"Экалёгія. Зараз Беларусь ня лічыцца за Беларусь, бо сюды ні адпачыць не паехаць, нічога. Ну і яшчэ можна сказаць пра тэрыторыю, што прапала працэнтаў дваццаць тэрыторыі, якая не апрацоўваецца, якая нікому не патрэбная".
"Здароўе, я так думаю. Эканамічна згубілі многа".
"Здароўе нацыі, у першую чаргу. Будучае пакаленьне, я лічу, нездаровае. Шкада, што ад нас замоўчваюць праўду".
"Здароўе. Зараз усе дзеці хварэюць. Многія людзі хварэюць на ракавыя хваробы. Бальніцы перапоўненыя зараз. Патрапіць немагчыма. Чэргі".
"Што страціла? Здароўе людзей страціла".
"У першую чаргу, здароўе сваё і здароўе будучых пакаленьняў. Пайшоў стронцый замяняць кальцый у арганізме. І ў людзей баляць сьпіны, ногі..."
"Як што страціла? Здароўе, у першую чаргу. Дзяцей меней нараджаюць. Баяцца, бо невядома, хто народзіцца. І маральныя страты вельмі вялікія. Беларусы выміраюць. Гэта што, ня крыўдна? Гэта што, на мараль ня дзейнічае? На мазгі на нашыя? Наша нацыя дзе?.."
"Што яна страціла? Я ў прынцыпе ня ў курсе, што яна там страціла. Столькі часу прайшло. Усё забыта. У школе трэба было намаляваць Чарнобыль. Дзецям, першаклясьнікам. Дзяўчынка гаворыць: “А што такое Чарнобыль? Гэта што, завод?” Яна ў мяне пытае. Малявалі ўсёй сям’ёй. Нейкі выбух, драты, нейкія трубы... Час прайшоў..."
"Пагоршылася экалягічная абстаноўка".
"Нічога. Здароўе і было кепскім, і засталося. А тэрыторыі ніхто ў нас не забіраў. Праблема, што Беларусь засталася адна са сваёй бядой. Ні Эўропа, ні Расея, ніхто не дапамагае. Яна змагаецца сама за сваё жыцьцё. Вось і ўсё".
"Наколькі я ведаю, магчымасьць турызму. Разьвіцьця турызму. Асабліва ў тых зонах, дзе адбываўся эпіцэнтар гэтых падзеяў".
Такім чынам, у выніку Чарнобыльскай катастрофы наша краіна страціла шмат сродкаў, сваёй тэрыторыі, але на першым месцы – здароўе.
Здароўе сёньня – самае галоўнае і амаль што адзінае зычэньне ў беларусаў. За савецкім часам стандартнай трыядай былі: посьпехі ў працы, шчасьце ў асабістым жыцьці і – здароўе. Сёньня на першым месцы – апошняе. Страта здароўя і пажаданьне здароўя – гэта прыкмета скоранасьці лёсу, пакоры і надзеі на добры зыход. Тое, чаго сяляне жадаюць коніку на падворку і сьвінцы ў хляве – гэта таксама здароўе. Адзін аднаму мы не жадаем асабістай свабоды, выкананьня мараў або жыцьця ў праўдзе. Хоць гэта ўжо чалавечыя зычэньні, якія ўрэшце і прыводзяць да здароўя, здабытага намі насуперак наканаваньню або цемры няведаньня, у якой нас хацела б трымаць сыстэма.
Словам, менавіта дзеля здароўя шмат чаго патрэбна чалавеку больш, чым здароўе. Найперш, гэта свабода і праўда.
Характар улады не дазваляе даць адэкватную ацэнку той сытуацыі, у якой мы апынуліся. Разгон Чарнобыльскіх шляхоў, зьняволеньне прафэсара Бандажэўскага, шапказакідальніцкая рыторыка пра тое, што ТАМ можна жыць... А галоўнае, паняткі чалавечае псыхалёгіі альбо стратаў нацыянальнае культуры – занадта тонкія і складаныя для той спрошчанай сыстэмы грамадзкіх адносінаў, якая ўсталяваная ў нас у краіне.
Страты, прынесеныя Чарнобылем, сапраўды выглядаюць дваіста. Тое, што для сёньняшніх пакаленьняў сьмяротна небясьпечна, для будучай нацыі і краіны – каштоўны набытак. Мы згубілі здароўе, а знайшлі на будучыню ўнікальны кавалак дзікай прыроды. Праз сто гадоў такім кавалкам ня зможа пахваліцца ніводзін эўрапейскі народ...
Безумоўна, такія развагі супакойваюць. Калі ня ведаеш канкрэтыкі. Таго, напрыклад, што ўся флёра і фаўна Зоны безнадзейна хворая. Там і напраўду стала ў дзесяткі разоў болей драпежнікаў і капытных, ваўкоў і казуль. Але там звычайная справа натрапіць на дохлага барсука – безь якіх-небудзь бачных прычын гібелі. Завезеныя ў Зону зубры не даюць прыплоду. Расьліннасьць Зоны – асабліва дубы – наскрозь набрынялая радыёнуклідамі... Выглядае, што нічога станоўчага гэты экспэрымэнт не нясе як чалавеку, так і прыродзе. Чарнобыль – гіблае месца.
Яшчэ адзін факт, які мог бы сьведчыць пра дваістасьць і будучыя набыткі – гэта тэма Чарнобыля ў культуры. У выніку аварыі мы згубілі самую каштоўную частку сваёй традыцыйнай культуры. І вось замест яе атрымліваем цэлы выбух культуры сучаснай. Але... Пры ўсёй цікавасьці да Чарнобыля, якая трымалася ў сьвеце гэтыя 20 гадоў, пры ўсім багацьці зьвязаных з катастрофай калізіяў, беларуская культура ня выкарыстала гэтай д’ябальскай рэклямы нашай нацыі і краіны. Тут зноў простая лёгіка саступае месца інвэрсіі. Галоўным творам пра Чарнобыль застаецца кінафільм Андрэя Таркоўскага “Сталкер”. Фільм зьявіўся за некалькі гадоў да Чарнобыля, і найлепшым чынам апісаў нашу сёньняшнюю зону і дачыненьні людзей вакол чарнобыльскай сытуацыі, дзе перапляліся вера ў выратаваньне і – пакора.
Пакора – гэта вынік няведаньня. Па самым вялікім рахунку, мы пачынаем забываць Чарнобыль, так і ня зьведаўшы яго.
Мы нічога пра яго ня ведаем такога, што непасрэдна тычылася б нас і рабіла нас калі ня здольнымі супрацьстаяць чамусьці падобнаму, а прынамсі больш падрыхтаванымі ў такіх сытуацыях? Мы можам ведаць колькасьць адселеных вёсак альбо памеры забруджаных тэрыторыяў, мы можам суперажываць суайчыньнікам, дзеці якіх хварэюць. Але эмоцыі і статыстыка не становяцца нашым досьведам. Тым часам дзяржаўная ідэалёгія ператварае Чарнобыль у гісторыю, дзе ён, як і ўсё ў нашай гісторыі, нічому нас ня вучыць і не засьцерагае ад паўтарэньня бяды. Робіцца так, каб мы ва ўласнай гісторыі ня ведалі менавіта таго, што непасрэдна тычыцца нас і робіць наш розум вальнейшым, наш досьвед багацейшым, а нашу сілу духу мацнейшай.
У выніку тыя, хто твар у твар сутыкнуўся з чарнобыльскай бядой, адчуваюць толькі безвыходнасьць і абіраюць пакору.
Няведаньне пачалося з тагачасных кіраўнікоў Беларусі, са Сьлюнькова. Няведаньне працягнулася тым, што ў часы перамен ніхто, вінаваты ў хаваньні ад нас праўды, не панёс адказнасьці. Няведаньне доўжыцца сёньня, калі цяперашняе кіраўніцтва фактычна ўхваляе паводзіны папярэднікаў.
Тым часам на дваццацігодзьдзе Чарнобыля прыпадае канец гарантыяў даўгавечнасьці саркафага, які быў сьпехам збудаваны над разваленым рэактарам. І гэта наводзіць на думку, што катастрофа ня скончылася і, самае галоўнае, што мы па-ранейшаму не гатовыя супрацьстаяць ёй. Ніяк ня больш гатовыя, чым тады, у 1986-м. Гэта значыць, што мы нічому не навучаныя. І менавіта дзяржава дбае пра тое, каб мы заставаліся ў гэтай цемры няведаньня і пакоры.
Каб зразумець, чаго мы так і не даведаліся за дваццаць гадоў пасьля катастрофы, паспрабуйце адказаць сабе ўсяго толькі на адно пытаньне: ці карыстаецеся вы дазымэтрам? Для параўнаньня, у Японіі пасьля Хірасімы ў абсалютнай большасьці выпадкаў адказ людзей будзе станоўчым, у нас у абсалютнай большасьці – не.