ЦВК зарэгістравала чатырох кандыдатаў на прэзыдэнта (абноўлены)

Радыё Свабода 17 лютага Цэнтравыбаркам зарэгістраваў кандыдатамі на прэзыдэнта лідэра ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча, старшыню БСДП “Грамада” Аляксандра Казуліна, дзейнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнку і кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Аляксандар Лукашэнка падчас паседжаньня пачуў рэзкую крытыку на свой адрас з боку кандыдатаў ад апазыцыі, якія аспрэчылі ягонае права на ўдзел у выбарах і заявілі пра няроўныя ўмовы выбарчай кампаніі. Але Лукашэнка ад палемікі ўхіліўся.
Паводле альфабэту Аляксандар Лукашэнка мусіў бы сядзець паміж А.Казуліным і А.Мілінкевічам, але арганізатары пасадзілі яго бліжэй да сябраў ЦВК, аддзяліўшы ад апазыцыйных кандыдатаў С.Гайдукевічам. Такім чынам спадар Лукашэнка пазьбег неабходнасьці павітацца за руку з усімі канкурэнтамі. Аляксандар Казулін на сваім стале дэманстраваў кнігу Алега Алкаева “Расстрэльная каманда”.

ЦВК падвёў вынікі збору подпісаў за кандыдатаў: сапраўднымі прызналі 1 мільён 903 тысячы подпісаў за А.Лукашэнку, 183 тысячы — за Мілінкевіча, 143 тысячы — за А.Казуліна, 144 тысячы за С.Гайдукевіча. ЦВК выявіла недастатковыя зьвесткі ў дэклярацыі жонкі А.Мілінкевіча Іны Кулей, якая не ўказала 900 тысяч рублёў, што атрымала ад продажу аўтамабіля “Мазда”. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік гэтую неадпаведнасьць назваў неістотнай і ненаўмыснай. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына не пагадзілася з гэтым і нагадала, што пазалетась падчас выбараў парлямэнту кандыдаты здымаліся з выбарчай гонкі і за меншыя сумы, але ўсё ж прапанавала зарэгістраваць Мілінкевіча:

(Ярмошына: ) “Але тут надта высокі кошт, гэта выбары прэзыдэнта, гэта першае. І ў падтрымку вылучэньня кандыдатам на прэзыдэнта Мілінкевіча сабрана амаль 200 тысяч подпісаў”.

Падчас галасаваньня тры сябры ЦВК выказаліся супраць рэгістрацыі Мілінкевіча, дзевяць — за. Астатнія кандыдаты былі зарэгістраваныя аднагалосна.

Кожны кандыдат атрымаў пяць хвілінаў для прамовы. Пры гэтым А.Мілінкевіч і А.Казулін востра крытыкавалі палітыку А.Лукашэнкі, казалі пра рэпрэсіі, няроўныя ўмовы кампаніі, а Сяргей Гайдукевіч спрабаваў спыніць выступоўцаў падчас найбольш крытычных заяваў. Лідзія Ярмошына нагадала Мілінкевічу і Казуліну пра асаблівую адказнасьць кандыдатаў за свае словы і адказнасьць за паклёп. А выступ А.Казуліна яна назвала злоўжываньнем правам і адсутнасьцю палітычнай і чалавечай культуры.

Аляксандар Лукашэнка ніяк не адрэагаваў на крытыку на свой адрас — у сваёй жа прамове гаварыў пра захаваньне стабільнасьці ў грамадзтве і законнасьць выбарчага працэсу. Сяргей Гайдукевіч падзякаваў сваім прыхільнікам у Беларусі і Расеі. А.Лукашэнка наўпрост падзякаваў кіраўнікам Цэнтравыбаркаму Л.Ярмошынай і М.Лазавіку за “бескампраміснасьць у адстойваньні інтарэсаў краіны, адстойваньні міру і спакою”. Ён павіншаваў усіх кандыдатаў, але руку паціснуў толькі Гайдукевічу. Мілінкевіч і Казулін абмяняліся віншаваньнямі і поціскамі рук.

Падрабязна пра першыя праграмныя заявы ўсіх кандыдатаў на прэзыдэнта далей у нашым эфіры.