Аблава на сяброў ініцыятыўнай групы Мілінкевіча на Гомельшчыне

Радыё Свабода, Гомельшчына Сёньня ўранку ў Гомельскай вобласьці дзяржаўтаінспэкцыя, міліцыянты ды людзі ў цывільным наладзілі сапраўдную аблаву на актывістаў ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча.
На шашы Гомель-Менск а 7 гадзіне раніцы дарожны патруль затрымаў прыватны мікрааўтобус Уладзімера Шыцікава з сямю актывістамі. Яны ехалі ў Менск на рэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты. У групе былі зборшчыкі подпісаў, намесьнік кіраўніка абласнога штабу Мілінкевіча Ўладзімер Сякерка, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Віктар Хоміч. Актывістаў тры гадзіны трымалі ў пастарунку міліцыі ў мястэчку Урыцкае.

У Сьветлагорску на шашы у накірунку Бабруйску ў 7.30 супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі затрымалі на легкавіку старшыню абласной арганізацыі БНФ Віктара Раманішку. Яшчэ з трыма прыхільнікамі Мілінкевіча спадар Раманішка таксама кіраваўся ў Менск. У яго забралі дакумэнты на аўтамашыну і прымусілі ехаць у райаддзел міліцыі, дзе трымалі дзьве з паловай гадзіны. Сканфіскаваныя 4 плякаты: “Сьветлагорск – за Мілінкевіча”!

Пры ўезьдзе ў Менск супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі Заводзкага раёну сталіцы затрымалі на прыватным легкавіку актывіста са Жлобіну Валерыя Рыбчанку з паплечнікамі.

Паляваньне на актывістаў групы Мілінкевіча міліцыянты ўчынілі ў Калінкавічах.