Сёньня Аляксандр Мілінкевіч запрашае да Палацу Рэспублікі

Радыё Свабода Агляд незалежнай прэсы за 17 лютага
“Наша Ніва” паведамляе, што Аляксандар Мілінкевіч сёньня пасьля ўрачыстай рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта гатовы сустрэцца з выбарцамі ля Палацу Рэспублікі. Газэта нагадвае: афіцыйная цырымонія рэгістрацыі распачынаецца а 12-й гадзіне.

У артыкуле “Мяккі палітычны прысуд” тыднёвік зьвяртаецца да рашэньня Вярхоўнага суду па справе Сяргея і Аляксандра Скрабцоў. Гэтая ж тэма працягваецца і ў артыкуле “Цукерак я табе ня раю. Шкодна. І нават небясьпечна”.

Іншыя загалоўкі “Нашай Нівы”: “Пісьменьніца Святлана Алексіевіч зьяжджае ў Швэцыю”; “Партрэт Артура Фінькевіча” – самага маладога зь сёньняшніх беларускіх палітвязьняў”; “Мэмуары Васіля Дземянцея” – рэцэнзія на кнігу былога старшыні Вярхоўнага Савету.

Сёньня ў Брэсьце Каардынацыйнае бюро праграмы ТACIS завяршае трохдзённую вучобу для прадстаўнікоў вобласьці паводле канкрэтных сацыяльна-эканамічных праектаў. “Брестская газета” адзначае, што сёлета сумесныя праграмы накіраваныя пераважна на разьвіцьцё памежнай інфраструктуры. А па выніках працы за 15 гадоў кошт тэхнічнай дапамогі Эўразьвязу перавысіў 190 мільёнаў эўра.

“Брестская газета” таксама сёньня дасьледуе пэрспэктывы прадпрыемства па выпуску газавых і электрычных пліт. Цяпер “Брэстгазаапарат” экспартуе 80 працэнтаў сваёй прадукцыі ў Расею. “Рынак, аднак, можа быць страчаны пасьля далучэньня Расеі да Усясьветнай гандлёвай арганізацыі”, канстатуе рэгіянальнае выданьне.

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы газэта “Слуцкі кур’ер” друкуе ўмовы інтэлектуальнага спаборніцтва. Расказвае журналіст Сяргей Акінчыц.

(Акінчыц: ) “Слуцкая гарадзкая арганізацыя “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны” прапануе чытачам прыняць удзел у віктарыне, прысьвечанай гэтаму сьвяту. Варыянты адказу трэба даслаць 19-га лютага. Як чакаецца, ТБМ узнагародзіць трох пераможцаў”.

Паводле Сяргея Акінчыца, адно з пяці пытаньняў тычыцца колькасьці беларускамоўных школаў у Слуцку. Прапануюцца наступныя адказы: 0; 1; 3. У горадзе, між тым, на сёньня 12 сярэдніх школаў і адна гімназія.