Суздальцаў: "Лукашэнка ваюе з усім сьветам"

Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.
(Валер Карбалевіч: ) “У беларускім палітычным асяродзьдзі шырока распаўсюджаны пункт гледжаньня, што беларускае пытаньне вырашаецца недзе за межамі Беларусі, ці то ў Маскве, ці ў Брусэлі, ці ў Вашынгтоне. Ці сапраўды ўплыў вонкавага чыньніка такі вялікі? Можа, гэта міт, перабольшваньне, завышаныя спадзяваньні адных і дарэмныя страхі другіх?”

(Андрэй Суздальцаў: ) “Я лічу, што велізарнае значэньне мае вонкавы чыньнік. Мы невялікая і вельмі слабая ў эканамічным пляне, палітычна вельмі залежная краіна.

Запомнілася фраза старшыні Палаты прадстаўнікоў Канаплёва ў Страсбуры на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы: не перашкаджайце нам працаваць. Яна шмат што тлумачыць. Спадар Лукашэнка спрабуе ізаляваць Беларусь як уласнае валадараньне, уласны маёнтак ад вонкавых чыньнікаў. У адным выпадку ён разьлічваецца за гэта рэсурсамі, у другім выпадку — выкідвае сваіх палітычных праціўнікаў на ўзбочыну. Фактычна, Лукашэнка ваюе зь сьветам. Паколькі ўнутры краіны няма сур’ёзных праціўнікаў, то ён ваюе з вонкавымі чыньнікамі”. (Чытаць увесь тэкст перадачы)